Контрразведка выкарыстоўвала прастытутак для дыскрэдытацыі апазіцыі
Былы супрацоўнік славацкай спецслужбы выдаў скандальную кнігу.
Славацкая контрразведка SIS у сярэдзіне 1990-х гадоў актыўна выкарыстоўвала прастытутак для дыскрэдытацыі вядучых апазіцыйных палітыкаў. Пра гэта распавёў у новай кнізе "Komando 52" вядомы журналіст і былы супрацоўнік згаданай спецслужбы Петэр Тот.
У той час Славакію называлі "чорнай дзіркай Еўропы", а пасаду прэм'ер-міністра краіны займаў Уладзімір Меч'яр, які быў гатовы змагацца з апанентамі любымі метадамі. "Падобныя практыкі, гэта значыць, выкарыстанне прастытутак, у ведамстве называліся "мядовы капкан", у яго трапілі некалькі соцень вельмі вядомых правацэнтрысцкіх палітыкаў краіны таго часу", — цытуе кнігу РІА "Новости".
Спецыяльнае падраздзяленне, якое ў славацкай контрразведцы займалася апазіцыянерамі, атрымала назву "Komando 52". Некаторых палітыкаў, прадпрымальнікаў, журналістаў выкрадалі, збівалі, пазбаўлялі бізнэсу. Контрразведчыкі выкрадалі нават сына прэзідэнта Славакіі Міхаіла Ковача.
З вядучымі апазіцыйнымі палітыкамі ўдзельнікі "Komando 52" змагаліся з дапамогай прастытутак. Яны дзейнічалі пад журналісцкім прыкрыццём, з'яўляліся на грамадскіх мерапрыемствах, каб "узяць інтэрв'ю" ў вызначанай ахвяры. Пасля знаёмства прастытутка запрашала палітыка на спецкватэру, дзе адбывалася відэа- і фотафіксацыя сэксуальных сцэн. Толькі нешматлікія апазіцыйныя дзеячы не патрапілі ў гэты капкан.
З дапамогай атрыманага кампрамату спецслужбы прымушалі палітыкаў спыніць крытыку ўлады. У кнізе не называюцца іх прозвішчы, але змешчаныя намёкі, з дапамогай якіх некаторыя асобы можна ўстанавіць.
Нагадаем, правацэнтрысцкія палітыкі ўсё ж прыйшлі да ўлады ў Славакіі ў канцы 1990-х гадоў. Яны спрабавалі адправіць былога прэм'ера Мэч'яра за краты, але пасля вырашылі пакінуць яго на волі, прыняўшы пад увагу заслугі ў здабыцці незалежнасці краіны.

Фота — Fotolia