Вы тут

Колькі каштуюць ахоўныя сродкі беларускага доктара, які працуе з COVID-19

Пацыентаў з COVID-19 шпіталізуюць у першыя гадзіны пасля пацвярджэння дыягназу / БЕЛТА

На сайце інфармагенцтва БЕЛТА выйшаў фотарэпартаж пра тое, як медыкі шпіталізуюць пацыента з каранавіруснай інфекцыяй. На фота дактары апранутыя ў чырвоныя ахоўныя касцюмы, якія нагадваюць скафандры касманаўтаў. Уражвае!

Як высветліла Еўрарадыё, дактары на фота апранутыя ў чэшскія касцюмы біялагічнай і хімічнай аховы EBO-10. Унутры "скафандра" — дадатны ціск паветра, што абцяжарвае траплянне шкодных часцінак звонку. Паветра падаецца фільтра-вентыляцыйнай устаноўкай, якая мацуецца да пояса знутры. Фільтры можна мяняць, касцюмы лічацца шматразовымі. І каштуюць па 4 тысячы еўра за штуку.

Але не варта жывіць ілюзій: па большую частку беларускіх пацыентаў, у якіх падазраюць COVID-19, медыкі працягнуць прыязджаць у нашмат больш простай ахове. А касцюмаў EBO-10 у Беларусі ўсяго 34, і купілі іх амаль 6 гадоў таму, калі ўвесь свет стаяў на вушах праз ліхаманку Эбола. Хопіць, каб апрануць 10 брыгад хуткай дапамогі і зрабіць прыгожыя фота.

Чэшскі касцюм біялагічнай і хімічнай аховы EBO-10 / egozlin.cz

Купіць больш такіх "скафандраў" цяпер нельга. З 16 сакавіка Еўрасаюз забараніў адгрузку біялагічных касцюмаў са сваёй тэрыторыі ў сувязі з распаўсюджваннем каранавіруса. Інфармацыя пра гэта ёсць на сайце вытворцы.

А якія ахоўныя касцюмы купляюць для беларускіх медыкаў, якіх не трэба фатаграфаваць для сайта дзяржаўнага інфармагенцтва? На сайце дзяржзакупак мы знайшлі тэндар на супрацьэпідэмічныя касцюмы, маскі, рэспіратары, акуляры для раённай бальніцы ў Іўі. Менавіта сюды днямі быў шпіталізаваны мужчына з пацверджанай каранавіруснай інфекцыяй.

100 камплектаў аднаразовага супрацьэпідэмічнага адзення планавалася купіць за 2600 рублёў (1 камплект = 26 рублёў). 100 рэспіратараў — за 494 рублі (1 рэспіратар = 4,94 рубля), 100 ахоўных акуляраў — за 250 рублёў (1 акуляры = 2,5 рубля). Разам кошт аднаразовага ахоўнага камплекта не перавышае 35 рублёў!

“Закупка завершана, праўда, не ў поўнай меры, — расказваюць Еўрарадыё ў бальніцы. — Касцюмаў нідзе няма. Тэлефануеш у фірмы, дзе касцюмы былі ў наяўнасці, а там кажуць: "Звяртайцеся на наступным тыдні". Тэлефануеш на наступным — касцюмаў няма. Тлумачаць тым, што чакаюць паставак. Выкручваемся тым, што купляем тканіну і альбо шыем самі, альбо заказваем у фірмаў, каб пашылі".

Супрацоўнік бальніцы дадае, што 100 камплектаў ахоўнага адзення медыкам трэба было да таго, як у горадзе быў пацверджаны першы выпадак каранавіруса. Цяпер гаворка павінна ісці ўжо пра 1000 ці нават 2000 касцюмаў. У Іўі не ўяўляюць, дзе іх узяць. Бальніца не адмовілася б ад дапамогі. Прычым патрэбна не толькі аднаразовае адзенне, але і бескантактавыя тэрмометры і прабіркі.

31 сакавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што некаторыя медыкі безадказна ставяцца да сваёй працы з пацыентамі з COVID-19 і не прымаюць мер засцярогі.

"Вось у Віцебску ведаю — дактары першага ўзроўню — тыя, хто ад кагосьці заразіўся. Там больш за дзясятак. Яны, вядома, не праблемныя. Але ж мы адрываемся на іх лячэнне. Гэтыя дактары павінны лячыць пацыентаў, а мы іх лечым, — цытуе кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба. — Яны, дзякуй богу, моцныя людзі. Але гэта нядобра, калі доктар не звяртае ўвагі на элементарныя меры".

Можа быць, рэч не ў безадказным стаўленні, а ў аднаразовых ахоўных касцюмах, сабраных за 35 рублёў?

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.