Колькі каштуе Новы год?

Еўрарадыё вырашыла падлічыць, колькі ў сярэднім каштуе Новы год для беларускай сям’і. Для прыкладу мы ўзялі сям’ю з чатырох чалавек – маці, бацька і двое дзяцей. І іх сярэдні – не сціплы і не шыкоўны – навагодні стол. Надыходзіць год Пацука, і таму на святочным стале абавязкова мусяць быць стравы з сырам ці проста сыр. Разбежка коштаў на сыр даволі вялікая.

“У нас сыры розныя, і кошты розныя. Пачынаюцца яны ад 8 тысяч і заканчваюцца недзе 55 тысячамі. Бо ёсць і імпартныя, і плесневыя, і цвёрдыя…”

Мы возьмем 600 грам сярэдняга сыру за 15 тысяч рублёў. Гэта недзе 9 000.

Але галоўнае месца займаюць, канешне, мясныя стравы. Запечаная курка ці гусь, ялавічына, свініна ці бараніна. Для невялікай сям’і спатрэбіцца паўтары-два кілаграмы мяса. Возьмем сярэдні кошт на некалькі кілаграмаў – 32 тысячы рублёў.

На стол ставім два “стандартныя” салаты – “Аліўе” і “З крабавымі палачкамі”. Разам гэта недзе 25 тысяч рублёў. Дададзім сюды “Селядца пад шубай” – яшчэ недзе 6 тысяч.

На святочным стале абавязкова мусіць быць садавіна. Незаменнымі застаюцца мандарыны, яблыкі і бананы. Калі набыць па кілаграму кожнага віду, атрымаецца 12 000 рублёў.

Навагодні торт, калі вы збіраецеся яго набываць, каштуе ў Мінску прыкладна 12 тысяч рублёў.

“Шакаладны пламбір” – 11 тысяч, “Карамельны” – 12 300, “Гамяльчанка” – 11 “з хвосцікам”, “Птушка” таксама столькі ж. Ёсць, напрыклад, яшчэ “Гармонія” – ён каштуе 13 тысяч. А ёсць торт “Бравэла” – ён слаёны, як “Напалеон”, ён каштуе 5 700. Ну, і плюс упакоўка”.

Дададзім сюды цукеркі і пячэнне да гарбаты і саму гарбату – яшчэ 25 тысяч.

Цяпер алкагольныя напоі. Навагодняя ноч не ўяўляецца без шампанскага. Дзве бутэлькі будуць каштаваць недзе 17 000 рублёў. Дадамо сюды бутэльку віна і бутэльку гарэлкі – гэта яшчэ 23 500.

Для дзяцей два пачкі соку – яшчэ 7 тысяч рублёў.

Але мы забыліся пра галоўны сімвал Новага году – святочную ялінку. Калі ў вас ёсць штучная елка, якую вы штогод ставіце, то пра гэта вам клапаціцца не трэба. Але калі вы любіце, каб у доме стаяў водар хвоі, то вам давядзецца патраціцца і на гэта.

“Цэны Міністэрства лясной гаспадаркі: ялінка да аднаго метра каштуе 9 200 рублёў, ад метра да двух – 13 700, ад двух да трох – 16 100”.

Дзеці, канешне, захочуць, каб іх павіншавалі Дзед Мароз са Снягуркай. Каштуюць гэтыя чараўнікі 60-70 тысяч рублёў. Калі вы вырашылі пераапрануцца ў іх самі, то гэта не абыдзецца вам танней: узяць касцюмы напракат каштуе 80 тысяч за суткі.

За ўсё разам (па сціплых падліках) вы заплаціце каля 255 тысяч. Гэта без падарункаў родным, набыцця святочнай вопраткі і ўпрыгожванняў для кватэры і елкі.