Вы тут

Клецк, Пружаны, Бераставіца: у красавіку "Ляпіс 98" едзе ў тур па Беларусі

Антон Азізбякян / www.facebook.com

За тры тыдні ў красавіку-траўні 2019 года гурт Сяргея Міхалка "Ляпіс 98" плануе даць 14 канцэртаў у беларускіх рэгіёнах. У графіку як вялікія гарады: Ліда, Жодзіна Наваполацк (там запланавана адразу два выступы), так і невялікія райцэнтры: Клецк, Вілейка, Пружаны, Паставы, Бераставіца.

"Не паспяваю ўносіць новыя гарады і планы, якія рэалізуюцца!", — каментуе шчыльны канцэртны графік групы дырэктар "Ляпіса 98" Антон Азізбякян. Усяго за бліжэйшыя тры месяцы гурт плануе даць 44 канцэрты:

Антон Азизбекян / www.facebook.com

Паміж канцэртамі ў беларускай глыбінцы "Ляпіс 98" паспее выступіць на стадыёне "Дынама" ў Мінску. На 11 мая там запланаваны BRIGHT FESTIVAL, прысвечаны II Еўрапейскім гульням. Гэты выступ не ўваходзіць у тур "Всем девчонкам нравится", таму яго няма на афішы.

Разам з "Ляпісамі" на BRIGHT FESTIVAL выступяць J:Морс, Milmars, "Каста" і Святлана Лабада. Фестываль успрымаецца неадназначна, бо нядаўна мінскія ўлады не дазволілі адсвяткаваць на стадыёне "Дынама" Дзень Волі. Адмова была матываваная тым, што стадыён трэба рыхтаваць да правядзення II Еўрапейскіх гульняў.

Як атрымалася, што святкаванне Дня Волі, запланаванае на 24 сакавіка, замінае рыхтаваць арэну да Еўрапейскіх гульняў, а BRIGHT FESTIVAL, запланаваны на 11 траўня, не перашкаджае, у гарадской адміністрацыі не тлумачаць.