Вы тут

Мінгарвыканкам афіцыйна забараніў праводзіць Дзень Волі на "Дынама" (дакумент)

Адказ з Мінгарвыканкама / Еўрарадыё

Мінгарвыканкам афіцыйна адмовіў заяўнікам акцыі да Дня Волі, якія хацелі правесці святкаванне 24 сакавіка на стадыёне "Дынама". Пра гэта ў гутарцы з Еўрарадыё распавёў старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

Афіцыйная прычына адмовы — падрыхтоўка стадыёна да II Еўрапейскіх гульняў. "З улікам падрыхтоўкі нацыянальнага алімпійскага стадыёна "Дынама" да правядзення II Еўрапейскіх гульняў 2019 года лічым правядзенне мітынгу і канцэрту на дадзенай пляцоўцы немэтазгодным", — паведамляецца ў адказе Мінгарвыканкама.

Прадстаўнікі Партыі БНФ і культурнай пляцоўкі "Арт-Сядзіба" падавалі заяўку на правядзенне святкавання на стадыёне "Дынама" да 101-х угодкаў абвяшчэння незалежнасці Беларусі. Святочны мітынг і канцэрт планавалася правесці на сталічным стадыёне "Дынама". 

Аднак на прэс-канферэнцыі 1 сакавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што лічыць такую заяўку асабістай абразай. "Святкавання на стадыёне "Дынама" не будзе. Гэта я вам адказна кажу", — паведаміў кіраўнік дзяржавы. Ён прапанаваў правесці акцыю на плошчы Бангалор. 

4 сакавіка арганізатары акцыі падалі новую заяўку на шэсце і святкаванне каля Палаца спорту або на плошчы Свабоды. 

Дарэчы, 1 траўня на стадыёне "Дынама" прызначаны канцэрт Аляксандра Саладухі. Мяркуючы па ўсім, гэты канцэрт не перашкаджае падрыхтоўцы да Еўрагульняў. 

Адказ з Мінгарвыканкама / Еўрарадыё
Адказ з Мінгарвыканкама / Еўрарадыё