Кіроўцам аўтамабіля, які перакуліўся ў Пінску, апынуўся... п'яны пасажыр

Як паведамляла Еўрарадыё, зранку 6 студзеня ў Пінску перакуліўся аўтамабіль. Каля 10.40 на вуліцы Брэсцкай аўтамабіль "Вольва" з'ехаў у кювет і перакуліўся. Паводле папярэдняй інфармацыі, кіроўца не справіўся з кіраваннем аўтамабіля, бо ехаў занадта хутка.

Прэс-служба ДАІ Брэсцкай вобласці раней інфармавала, што кіроўца з месца аварыі ўцёк і яго шукалі праваахоўнікі. Аднак пазней стала вядома, што насамрэч кіроўцам аўтамабіля быў малады чалавек, які спачатку назваўся пасажырам. 22-гадовы жыхар Пінску быў дастаўлены ў лякарню з ушыбамі грудной клеткі і твару. Медыкі, дарэчы, таксама дыягнаставалі ў яго алкагольную інтаксікацыю. Разам з ім у лякарню з пераломам шыйкі сцягна была дастаўлена яго 17-гадовая пасажырка.

Па факце здарэння праводзіцца праверка. Вядома, што віноўнік аварыі
ніколі не меў пасведчання кіроўцы.

Фота: gaibrest.by