Вы тут

Кіраўнік Прадстаўніцтва ЕС — пра спрашчэнне візавага рэжыму і выбары

Дзірк Шубель / TUT.by

Улады Беларусі сталі больш зацікаўлены ў супрацоўніцтве з Еўрасаюзам. Пра гэта ў інтэрв'ю TUT.by заявіў кіраўнік Прадстаўніцтва ЕС у нашай краіне Дзірк Шубель. Паводле яго слоў, "сёння дачыненні больш цёплыя, дынамічныя, беларускія ўлады больш ініцыятыўныя". Шубель нагадаў, што пацяпленне ў дачыненнях Мінска і Бруселя адбылося пасля вызвалення палітвязняў у 2015 годзе і пазіцыі Беларусі ў адносінах канфлікту на ўсходзе Украіны, прадастаўлення пляцоўкі для перамоваў.

"Але пры ўсім гэтым Еўрасаюз не забывае пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі", — кажа амбасадар ЕС. І ўладам пра гэта рэгулярна нагадваюць. І калі б былі знятыя пытанні па праблемах у галіне правоў чалавека, то Брусель зняў бы з нашай краіны ўсе санкцыі, што яшчэ застаюцца. Пры гэтым Дзірк Шубель падкрэслівае, што "санкцыі — гэта не пакаранне, гэта палітычная рэакцыя Еўрасаюза".

Кіраўнік Прадстаўніцтва ЕС кажа, што вынікі парламенцкіх выбараў у Беларусі не паўплываюць на падпісанне пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму (шэнгенская віза для беларусаў будзе каштаваць 35 еўра замест цяперашніх 60) і аб рэадмісіі, паколькі "гэта асобная тэма". У Бруселі спадзяюцца на прагрэс, што выбары ў Палату прадстаўнікоў "пройдуць лепш, чым папярэднія", калі ў парламент трапілі толькі два незалежныя кандыдаты — Алена Анісім і Ганна Канапацкая (цяпер жа іх не зарэгістравалі кандыдатамі ў дэпутаты). У ацэнцы вынікаў выбараў Еўрасаюз будзе арыентавацца на ацэнку БДІПЧ АБСЕ.

"Было б добра, каб у беларускім парламенце было больш незалежных кандыдатаў", — кажа Шубель.

Што да падпісання пагаднення, то затрымка звязана з больш складанай працэдурай з боку ЕС. Працэс узгадненняў яшчэ працягваецца і яго спрабуюць паскорыць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.