Кіраўнік Брэстчыны падзякаваў жыхарам вобласці за падтрымку Лукашэнкі

Кіраўнік Брэстчыны падзякаваў жыхарам вобласці за падтрымку Лукашэнкі

Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс выступіў на тэлебачанні з відэавіншаваннем. З'явілася яно 31 снежня ў эфіры рэгіянальнага тэлеканала "Беларусь 4. Брэст", які пачаў сваё вяшчанне ў мінулым месяцы.

Чыноўнік паведаміў, што 2015 год быў няпростым, але ён шмат чаму навучыў: "Мы пачалі шанаваць мір, знаходзіць новыя больш эфектыўныя шляхі ў вырашэнні складаных вытворчых задач і жыццёвых праблем людзей".

Па словах Анатоля Ліса летась на першы план выйшлі пытанні эканоміі, рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў. Нагадаем, што ў мэтах эканоміі ў Брэсце часова адключалася начное асвятленне вуліц.

Таксама кіраўнік Брэстчыны падзякаваў жыхарам вобласці за падтрымку Аляксандра Лукашэнкі на выбарах:

"Важным дасягненнем стала згуртаванасць жыхароў вобласці ў вызначэнні шляху, па якім мы разам з усёй краінай будзем ісці ў бліжэйшай пяцігодцы. І сёння я хачу падзякаваць ўсім вам за актыўны ўдзел у галоўнай палітычнай кампаніі краіны — выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Брэстчына аддала свае галасы за Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку, за захаванне міру і стабільнасці ў нашай краіне ".

Анатоль Ліс пажадаў землякам моцнага здароў'я, шчасця і поспеху. Дарэчы, яго калегі — кіраўнікі іншых аблвыканкамаў краіны — павіншавалі жыхароў сваіх абласцей праз сайты сваіх адміністрацый, але асобна па тэлевізары не выступалі.

Фота: БЕЛТА

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі