Вы тут

Кіна не будзе: Мінікульт адмовіўся здымаць "Радыё "Прудок"" і "Сфагнум"

Кадр з тызера да фільма "Радзіва "Прудок""

4 ліпеня стала вядома, што кнігі Андруся Горвата "Радзіва "Прудок" і "Сфагнум" Віктара Марціновіча экранізуюць ў Беларусі. Тэндары на іх стварэнне з'явіліся на сайце дзяржзакупак, і меркавалася, што абедзве карціны будуць знятыя часткова за бюджэтныя грошы. Над лірычнай камедыяй "Радзіва "Прудок"" пачалі працаваць "Першая КінаВідэаКампанія" і рэжысёр Аляксей Раковіч. Над "Сфагнумам" — кінакампанія "Дэмарш-фільм" і знакаміты беларускі дакументаліст Віктар Аслюк.

Але 11 ліпеня усё змянілася.

Кінакрытык Антон Сідарэнка назваў 11 ліпеня чорным днём для беларускага кіно. Аказалася, што кампанія рэжысёра і сцэнарыста Андрэя Курэйчыка і Тэлевізійны прадзюсерскі цэнтр напісалі скаргу на вынікі тэндару дзяржзакупак у Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Пра гэта паведамляе канал у телеграме "Священный Белавуд". У выніку скандалу Мінкульт адмяніў тэндэры па лотах на здымкі фільмаў па кнігах Горвата і Марціновіча з-за "страты неабходнасці набыцця тавараў (работ, паслуг)".

На думку Андрэя Курэйчыка, Мінкульт "сістэматычна ажыццяўляе закупкі фільмаў па шматкроць завышаных цэнах". Маўляў, цана лотаў, якія абвяшчае міністэрства, у разы перавышае рэальныя рынкавыя цэны на вытворчасць кіно ў Беларусі.

"Гэта прыводзіць да таго, што адны кампаніі атрымліваюць падмурак для неабгрунтаванага ўзбагачэння, а іншыя не могуць здымаць кіно, бо гадавы кінабюджэт дзеліцца толькі на дзве-тры набліжаныя фірмы. На жаль, гэта адбылося і цяпер", — напісаў рэжысёр у пасце на сваёй старонцы ў фэйсбуке. Яго кампанія Bez Buslou Arts папрасіла ў дзяржавы на здымкі новага фільма 165 тысяч долараў — гэтую суму Курэйчык называе рэальнай коштам беларускага кіно.

"Міністэрства культуры ў сваіх тэндэрах вылучыла двум прыватным кампаніям зусім іншыя аб'ёмы дзяржаўных грошай: 830 тысяч, 730 тысяч, 466 тысяч і 262 тысячы долараў. Магу сказаць: вышэй за 200 тысяч долараў пачынаюцца татальныя прыпіскі і "надзіманне" бюджэту. Грошы выводзяць па-рознаму : праз разадзьмутыя ганарары, тэхніку па галівудскіх цэнах, іпэшнікаў, праз завышаныя выплаты па дзесятках артыкулаў, праз пераацэненымі дэкарацыі і рэквізіт. Гэта ўсё навучыліся рабіць па-майстэрск ", — сцвярджае Курэйчык.

У выніку ён падаў скаргу ў МАРГ. І здарылася тое, што мы засталіся без добрага беларускага кіно.

"Гэта лепшыя праекты за апошнія 10 гадоў", — лічыць Антон Сідарэнка.

Тэндар дзяржзакупак па вытворчасці кінасерыяльнага кантэнту прайшоў на пачатку ліпеня. Па яго выніках у студыі "Першая КінаКідэаКампанія" Мінкульт замовіў тры праекты: міні-серыял "Паўгадзіны да вясны" пра лідара "Песняроў" Уладзіміра Мулявіна, экранізацыю кнігі "Радзіва "Прудок"" Андрэя Горвата і біяграфію спартсмена Аляксандра Мядзведзя. У студыі "Дэмарш-фільм" — экранізацыю рамана "Сфагнум" Віктара Марціновіча. Праца над фільмамі пра Мулявіна і Мядзведзя працягваецца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.