"Херсон за тры дні": УСУ яшчэ не пачалі контрнаступу, многага чакаць не варта

Украінскі танк страляе па праціўніку / REUTERS
Украінскі танк страляе па праціўніку / REUTERS

"Пачаўся контрнаступ Узброеных сіл Украіны на Херсон": такія паведамленні з'явіліся ў СМІ і тэлеграме раніцай 29 жніўня. Тут жа — відэа: скрываўлены салдат прыціснуўся да зямлі і крычыць у камеру, што "ўкропы *башаць з усяго, што толькі можна, прарвалі першую лінію абароны".

Але заяў аб контрнаступе ад галоўнакамандуючага Валерыя Залужнага або ад прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага не было. Ды іх і не магло быць. Усё таму, што 29 жніўня 2022 года маштабнага аднамомантавага стратэгічнага наступу ўкраінскіх войскаў не пачалося. Хоць многія пра яго падумалі.

 

Пераўзбудзіліся ад слова "контрнаступ"

Пасля слова "контрнаступ" ва ўяўленні абывацеля маглі паўстаць асацыяцыі з контрнаступальнымі аперацыямі савецкіх войскаў — Сталінградскай і Курскай бітвамі. Іх вынікам сталі перахоп Чырвонай Арміяй ваеннай ініцыятывы і магчымасць правядзення паспяховых наступальных аперацый, такіх як "Баграціён".

“Херсон за три дня”: ВСУ ещё не начали контрнаступления, многого ждать не стоит
Бітва на Курскай дузе, 1943 год / архіўнае фота

А як жа не ўявіць сабе такое, калі алею ў агонь падлівае намеснік начальніка Адэскай раённай вайсковай адміністрацыі Аляксей Мацулевіч, які піша: "!Афіцыйна. Пачаліся баі за горад Херсон!" Пра пачатак наступальных дзеянняў УСУ па многіх напрамках на поўдні Украіны заявіла тады і прэс-сакратар аператыўнага камандавання "Поўдзень" Наталля Гумянюк. Ну хто ў гэты момант не падумаў пра тое, што нядрэнна б узяць Херсон да вечара? Ці хаця б за 3-4 дні — як расіяне збіраліся ўзяць Кіеў?

Аператыўная групоўка "Кахоўка" раніцай 29 жніўня таксама піша ў фэйсбуку, што 109-ы полк "ДНР" адышоў са сваіх пазіцый у Херсонскай вобласці, а расійскія дэсантнікі, якія выступалі ў якасці падтрымкі палка, уцяклі з поля бою. Аднак усё гэта не значыць, што для рашыстаў пачалася іх Курская дуга. А Мацулевіч пазней і зусім выдаліў свой пост.

“Херсон за три дня”: ВСУ ещё не начали контрнаступления, многого ждать не стоит
Паводле ацэнак амерыканскага Інстытута вывучэння вайны, у расіян перавага ў раёне Херсона / understandingwar.org

Што адбываецца каля Херсона на самай справе?

Аляксей Арастовіч называе падзеі 29 жніўня пачаткам актыўнай часткі па вызваленні поўдня ад расійскіх захопнікаў. "Пакуль скажу так: УСУ перайшлі ў маленькі сімпатычны (прынамсі, так ён цяпер выглядае) наступ, прарвалі на некалькіх участках лінію фронту, развіваюць наступ у глыбіню, перарвалі або амаль перарвалі забеспячэнне праз масты і паромныя пераправы", — кажа ён.

Відавочна, што ўкраінцы актывізаваліся, і ў цяперашні момант, хутчэй за ўсё, праходзіць падрыхтоўка да контрнаступу на паўднёвым кірунку. Гэта ў далейшым дасць магчымасць правесці маштабную наступальную аперацыю. Ваенны эксперт Алег Жданаў называе баі 29 жніўня прарывам, які яшчэ трэба развіць у паўнавартасны наступ.

— На Херсонскім кірунку сабрана самая шматлікая і самая баяздольная групоўка расійскіх войскаў. Там дзесьці каля дваццаці пяці тысяч вайскоўцаў. Усе дэсантныя падраздзяленні расійскай арміі, якія ёсць на тэрыторыі Украіны, усе сёння сабраныя там. Там даволі сур'ёзная і баяздольная групоўка, — расказвае Алег Жданаў. — Што гэта [прарыў] нам можа даць? Мы можам развіць поспех прарыву да маштабаў ліквідацыі гэтай групоўкі. Праз масты яны могуць адысці пешшу, але без тэхнікі. Альбо яны здадуцца, альбо загінуць пад нашым агнём — гэта ўжо выбіраць расійскім войскам. Шанец развіць поспех у перамогу на гэтым кірунку ў нас ёсць.

 

Перспектывы наступу на Херсон

“Херсон за три дня”: ВСУ ещё не начали контрнаступления, многого ждать не стоит
Для расіян адрэзаны асноўныя шляхі адступлення — Антонаўскія масты (1,2), мост ля Кахоўскай ГЭС (3) і мост праз раку Інгулец (4). Усё гэта пахне ізаляцыяй раёна баявых дзеянняў / фэйсбук

Вызваленне Херсона дазволіць Украіне адрэзаць расійскія войскі ад забеспячэння з Крыма. Акрамя таго, гэта дапаможа адсунуць лінію фронту ад Мікалаева — а значыць, спыніць абстрэлы горада расійскай артылерыяй.

Дзякуючы знішчэнню ўкраінцамі мастоў і перапраў над правабярэжнай групоўкай расіян навісла пагроза стварэння аператыўнага абкружэння, двух "катлоў". Яны ўзнікаюць у выніку агнявога кантролю УСУ над усімі магчымымі шляхамі забеспячэння правабярэжнай групоўкі войскаў РФ.

Нягледзячы на значную колькасць боепрыпасаў і ўзбраення, сабраных расіянамі на правым беразе, доўга супраціўляцца яны наўрад ці змогуць і будуць вымушаныя адступіць уплаў праз разбураную дарожную інфраструктуру. Яшчэ варыянты — здацца або ўступіць у апошні бой, бо папоўніць сілы і сродкі ў іх няма магчымасці.

Пасля таго як УСУ ўдасца аднавіць кантроль над правым берагам, украінцы змогуць выкарыстоўваць зброю далёкага бою для абяскроўлівання левабярэжнай групоўкі войскаў РФ. Тады, магчыма, мы пачуем пра пачатак контрнаступу і, як вынік, маштабнага наступу Узброеных сіл Украіны на паўднёвым кірунку.

Без сумневу, усё напісанае вышэй — не сакрэт для аналітыкаў з Генштаба РФ. І, напрыклад, навіна пра пастаўкі ў Расію першай партыі іранскіх беспілотнікаў — гэта доказ таго, што расіяне не будуць сядзець склаўшы рукі і глядзець, як украінцы адваёўваюць свае тэрыторыі.

“Херсон за три дня”: ВСУ ещё не начали контрнаступления, многого ждать не стоит
Расіяне на танку / REUTERS

Даведка: КОНТРНАСТУП — асаблівая разнавіднасць віду наступу, якая прадпрымаецца войскамі, якія абараняюцца, у часе або пасля адбіцця наступу праціўніка.

Мэта контрнаступу — разграміць групоўкі праціўніка, якія наступаюць, сарваць яго наступ, аднавіць страчанае становішча і стварыць умовы для правядзення наступальнай аперацыі, авалодання важнымі раёнамі (рубяжамі) і захопу стратэгічнай або аператыўнай ініцыятывы або пераходу да абароны на новых рубяжах.

Контрнаступ можа быць стратэгічнага або аператыўнага маштабу і праводзіцца ў форме стратэгічнай, франтавой або армейскай контрнаступальнай аперацыі.

Пераход да контрнаступу ажыццяўляецца, як правіла, ва ўмовах, калі праціўнік часткова або цалкам вычарпаў свае наступальныя магчымасці (выкарыстаў свае рэзервы або большую іх частку), панёс значныя страты і яшчэ не паспеў стварыць абарончую групоўку і перайсці да абароны (рыхтуецца да адводу сваіх войскаў або пачынае яго). Ён можа пачынацца ў ходзе абарончай аперацыі ў выніку развіцця паспяхова нанесеных контрудараў.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі