Вы тут

КДБ завяршыла расследаванне справы Фядуты-Зянковіча-Кастусёва

Юрась Зянковіч, Аляксандр Фядута і Рыгор Кастусёў

Следчае ўпраўленне КДБ завяршыла папярэдняе расследаванне крымінальнай справы аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам і іншых злачынствах, перадае БЕЛТА.

Гэта крымінальная справа, па якой затрыманыя юрыст Юрый Зянковіч, літаратуразнаўца Аляксандр Фядута, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. 

Паведамляецца, што ўсяго абвінавачаных па гэтай справе пяцёра. Яшчэ двое абвінавачаных — Вольга Галубовіч і Дзяніс Краўчук.

Зянковічу выставілі абвінавачанні па  чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса — ч. 1 арт. 357 (змова, здзейсненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва такім фармаваннем), ч. 3 арт. 361 (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, здзяйснення іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, распаўсюджванне матэрыялаў, якія змяшчаюць такія заклікі, учыненых з выкарыстаннем глабальнай камп'ютарнай сеткі Інтэрнэт), 130 (Узбуджэнне сацыяльнай варожасці і варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненыя групай асоб) Крымінальнага кодэкса. 

Аляксандр Фядута і Рыгор Кастусёў абвінавачаныя па адным артыкуле — ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэкса (змова, здзейсненая з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам).

Вользе Галубовіч і Дзянісу Краўчуку таксама выставілі абвінавачанне па адным артыкуле, але гэта — "папулярны" ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, якія прывялі да парушэння працы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў або арганізацый, пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства).

Абвінавачаныя і іх абаронцы азнаёміліся са справай, і яна перададзеная ў Генпракуратуру Беларусі для накіравання ў суд.

Фігурантаў справы затрымалі на пачатку красавіка 2021 года. З таго часу яны знаходзяцца за кратамі. У Рыгора Кастусёва пагоршала здароўе, яму, па словах дачкі, патрэбная анкалагічная аперацыя. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.