Вы тут

КДБ уключыў Аўтуховіча і яшчэ 16 чалавек у тэрарыстычны спіс

Каля будынка КДБ падчас пратэснай акцыі / Еўрарадыё

У спіс арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці, КДБ уключыў 17 чалавек. 

Спіс на сайце Камітэта дзяржбяспекі быў абноўлены 12 лютага. У яго ўключылі беларусаў, абвінавачаных арт. 289 (акт тэрарызму) Крымінальнага кодэкса. 

У "тэрарыстычны спіс" трапілі 5 жанчын і 12 мужчын. Гэта ўдзельнікі так званых "групы Аўтуховіча" і "групе Аліневіча". 

"Група Аўтуховіча"

Мікалай Аўтуховіч
Павел Сава
Артур Папок
Ірына Гарачкіна
Сяргей Разановіч
Павел Разановіч
Любоў Разановіч
Ірына Мельхер
Антон Мельхер
Галіна Дзербыш
Віктар Снегур
Уладзімір Гундар
Вольга Маёрава

"Група Аліневіча"

Ігар Аліневіч
Дзмітрый Дубоўскі
Сяргей Раманаў
Дзмітрый Разановіч

Анархістаў ("групу Аліневіча") затрымалі 28 кастрычніка 2020 года каля ўкраінскай мяжы. У КДБ лічаць, што яны падпалілі аддзел ДАІ ў Мазыры і машыны каля будынка пракуратуры ў Салігорску.

Пра затрыманне "групы Аўтуховіча" БТ паведаміла 8 снежня. Гэтай групе прыпісваюць падпал дома міліцыянта ў Ваўкавыску і выбух аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Гродне. Спярша на фігурантаў пачалі справу па ч. 2 арт. 218 КК "Наўмыснае пашкоджанне маёмасці, здзейсненае агульнанебяспечным спосабам". Потым Генпракуратура перакваліфікавала яе на ч. 1 арт. 289 "Акт тэрарызму".

На мінулым тыдні на тэлеканале АНТ выйшаў фільм "Тратыл пратэсту", у якім распавядалася, быццам Мікалай Аўтуховіч і яго група былі звязаныя з украінскімі спецслужбамі.

Раней у "тэрарыстычны спіс" былі ўнесеныя яшчэ два беларусы — Сцяпан Пуціла і Раман Пратасевіч, якія стварылі папулярны тэлеграм-канал, прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.