Казуліна ў калоніі могуць пратрымаць да заўтра – Ігар Рынкевіч

У Мінску цяпер вырашаецца варыянт з вызваленнем палітвязня Аляксандра Казуліна з калоніі цалкам. Такое меркаванне Еўрарадыё выказаў яго былы адвакат Ігар Рынкевіч. Нагадаем, учора памерла жонка Казуліна Ірына. Паўстала пытанне, ці будзе адпушчаны прынамсі на пахаванне Аляксандр Казулін. Паводле Рынкевіча, закон дазваляе вырашыць гэтае пытанне начальніку калоніі “Віцьба-3” па ўзгадненні з мясцовым пракурорам, але Віталь Агнісцікаў кажа, што чакае адпаведнага распараджэння з Дэпартамента па выкананні пакаранняў.

“Нішто не перашкаджае даць кароткатэрміновы адпачынак Аляксандру Казуліну – да 7 сутак, каб ён меў магчымасць прыехаць і пахаваць сваю каханую жонку”, - гаворыць Рынкевіч.

Ён заявіў у інтэрв’ю Еўрарадыё, што калі справа не ў вырашэнні пытання з поўным вызваленнем Казуліна, то “ўсе астатнія зацягванні гэтага рашэння лягуць на адказнасць уладаў і найперш начальніка калоніі”.

“У такім выпадку мы разглядаем гэта як уціск і дыскрымінацыю сям’і Казуліных і парушэнне канстытуцыйных правоў Аляксандра Казуліна”, - кажа Ігар Рынкевіч.

Паводле яго звестак, з’явілася інфармацыя, што Казуліна ў калоніі могуць пратрымаць да заўтра.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі