Казулін не прыме памілаванне

Дочкі Аляксандра Казуліна спадзяюцца, што бацьку вызвалілі з турмы назаўсёды. Сам жа палітык кажа, што памілаванне не прыме. Сёння Аляксандр Казулін прыехаў з Віцебскай калоніі ў Дзяржынск на пахаванне цесця Івана Сабалеўскага. Пакуль родныя і сваякі чакалі палітыка, дачка Казуліна Вольга расказала Еўрарадыё, што яны не чакалі ў гэты дзень нічога незвычайнага.

Вольга Казуліна: “Што сёння адбылося? Мы прачнуліся, дзень не абяцаў нічога – ні добрага, ні дрэннага. Звычайны дзень. Спачатку нам сказалі, што памёр дзядуля. Потым мы пазванілі начальніку калоніі, папрасілі паведаміць гэта тату. А праз нейкі час тата пазваніў нам сам і сказаў, што ён вольны і едзе на пахаванне”.

Дочкі Казуліна не думалі, што бацьку вызваляць так хутка. Яны меркавалі, што гэта адбудзецца перад самымі парламенцкімі выбарамі, ці адразу ж пасля іх.

Вольга Казуліна: “Канечне, мы гэтага вельмі доўга чакалі. Я прагназавала, што ён будзе адпушчаны. Але думала, што за дзень-два да выбараў, ці адразу ж пасля выбараў. Так рана я не чакала”.

Вызваленне было нечаканым не толькі для дачок Казуліна, але і для самаго Аляксандра Уладзіслававіча. Па словах Вольгі Казулінай, на сустрэчы з кіраўніком Офіса АБСЕ у Мінску Хансам-Ёхенам Шмідтам, якая адбылася 12 жніўня, перспектывы вызвалення не абмяркоўваліся.

Вольга Казуліна: “Спадар Шмідт ездзіў да бацькі. Ён сказаў, што пра перспектывы вызвалення ён са Шмідтам не размаўляў. То бок, нішто не абяцала таго, каб яго сёння вызвалілі. Ну, я спадзяюся, што надоўга выпусцілі, назаўсёды”.

У двары дзяржынскай хаты, дзе сабраліся блізкія памерлага Івана Сабалеўскага, дочкі Казуліна то і справа казалі: “Спадзяемся, што адпусцілі назаўсёды”. Аднак, калі ў двары з’явіўся сам палітык, на мае словы “Віншую, што вы цяпер на свабодзе”, ён адказаў “Пакуль што”.

Пакуль што так і не зразумела, на які тэрмін адпусцілі Казуліна. Аднак сам ён цвёрда паведаміў – памілаванне прымаць не збіраецца. Больш падрабязна Аляксандр Уладзіслававіч паабяцаў расказаць усё на прэс-канферэнцыі ў панядзелак.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі