Kazalpin. “East Side Story”

siadzmo mamko.mp3

Адразу два калектывы, якія узніклі на абломках NHS-EthnoНаста Някрасава і FolkRoll і Акана- NHS, прадэманстравалі свету свае сцежкі і, адпаведна, альбомы. Першапачаткова шляхі абедзвюх частак NHS былі ў нечым падобныя – усе шукалі. Аднак, у 2009 годзе на знакамітым польскім фэсце “Nowa Tradycja” Наста Някрасава разам з новаўтвораным гуртом FolkRoll скарыла сэрцы строгага польскага журы і прывезла ў Мінск кіпу ўзнагарод на чале з гран-пры. Прыкладна ў гэты ж час Акана засвяцілася на Jazz-Кактэбелі і Гогальфэсце. Праўда, заўсёдныя праблемы са складам і змена музыкаў так і не дазволілі зразумець – што такое Акана насамрэч?

zinacka.mp3

Мастацкі кіраўнік Аканы Ірэна Катвіцкая неяк паспрабавала патлумачыць Еўрарадыё, што такое Акана і АканаNHS, і чым яны адрозніваюцца. Калі коратка, то Акана – гэта паўнавартасны гурт з музыкамі, а Акана- NHS – вакальнае трыа. Праўда, гурт Акана і яго яскравыя творы, крутыя аранжыроўкі, супольныя спевы з залай прыпомніць даволі цяжка. Узнікала ўражанне, што ніхто з музыкаў не ведае, як павінен гучаць гэты гурт. З вакальным жа трыа, наадварот, было ўсё ў парадку. Толькі вось дзяўчаты часам выглядалі як “тры таполі на Плюшчысе”. І вось аднойчы добры дзядзя Зміцер Падбярэзскі звёў вакальнае трыа са швейцарскімі прынцамі – вядомымі ў сябе на Радзіме джазавымі музыкамі з Albin Brun Alpin Ensemble. У выніку ўзнік сумесны праект Kazalpin, дыск якога з аналагічнай назвай мы сёння разглядаем.

Швейцарскія музыкі вельмі сур’ёзна падышлі да праекта. Яны напісалі аранжыроўкі да песень, якія прывезла ў краіну Альпаў вакальнае трыа Акана. Музыкі паглыбіліся ў беларускія мелодыі, адчулі іх хараство і сімволіку, пранікліся сэнсам і апранулі нашы бабуліны песні ў шыкоўныя строі. Парадаксальна, аднак швейцарскія музыкі зрабілі тое, чаго не здолелі зрабіць беларусы, якія супрацоўнічалі з вакальным трыа – Акана загучала! Вось менавіта так, як гучыць Kazalpin, павінна гучаць Акана. І справа тут вось у чым. “Выкарыстаныя былі нашы матэрыялы і нашы ідэі, але была выразная дыферэнцыяцыя: музыкі-інструменталісты робяць сваю частку працы, мы сваю, а потым зліваемся ў агульным экстазе, - кажа Ірэна Катвіцкая. - Мы ім не раілі, што граць”. То бок, дзяўчаты нарэшце даверыліся музыкантам, адсюль і свежы подых матэрыялу, лёгкасць, празрыстасць і разнастайнасць пры агульнай стылістычнай вытрыманасці.

viasna krasna.mp3

Альбом “East Side Story” складзены з трох частак: гэта сольныя вакальныя творы, інструментальныя кампазіцыі і сумесныя песні, выкананыя ў “этна-джазавым” кірунку. Вакальныя творы – арыгінальныя бабуліны песні “Ой, на Дэлэніко” і “Росці коровай”. Праўда, інтанацыі апошняй падаюцца крыху штучнымі – дзяўчаты стараліся падацца бабулямі, ды перастараліся.

rosci korovaj.mp3

Інструментальныя творы аўтарства Альбіна Бруна – лідара Albin Brun Alpin Ensemble напоўненыя альпійскім каларытам (дапамагае альпійскі горн) і сучасным джазам, які мяжуе з неакласікай. І наш “Minsk” вачыма і вушамі Альбіна Бруна выглядае сучасным еўрапейскім горадам, намаляваным яскравымі фарбамі і гармоніямі.

minsk.mp3

Сумесныя творы Аканы і Albin Brun Alpin Ensemble - прыклад дыялогу культур – беларускай, альпійскай, еўрапейскай і сусветнай сучаснай. Пры часам здавалася б вонкавай перагружанасці (кампазіцыі могуць гучаць і восем хвілін і складацца з некалькіх частак і песень), творы ўспрымаюцца лёгка з першага разу. Адзінае, што тут непакоіць – адсутнасць асаблівага нерва, нейкага эмацыйнага надрыва. Усё занадта прыгожа. І калі ўзгаданы вышэй дэбютнік Насты Някрасавай і FolkRoll’а “Vir” прымушаў выслухаць сябе, прывыкнуць да сябе і потым палюбіць, дык з “East Side Story” усё значна прасцей. Цікава, што абодва дыскі – і “Vir” і “East Side Story” зробленыя ў падобнай стылістыцы. Толькі калі “Vir” цягнецца ў бок інтэлектуальнай неакласікі для выбраных, то “East Side Story” – у бок папулярнай сучаснай музыкі з этна-ухілам (этна-джаз тут прысутнічае эпізадычна), адпаведна, разлічаны ён на даволі шырокае кола слухачоў. Праўда, варта заўважыць, што “Vir” стварылі зусім маладыя музыкі, выхаваныя ў традыцыях беларускай кампазітарскай школы. А “East Side Story” – сталыя дзядзькі-прафесіяналы, якія мысляць па-еўрапейску.

oj na vialikadnia.mp3

Не вядома, ці запісала б дыск Акана, не з’явіся Albin Brun Alpin Ensemble. Таксама не вядома, што чакае Kazalpin у будучым, чый дыск – гэта вынік працы праекту. А яшчэ не вядомы і лёс самой Аканы: яе ўдзельніцы разбегліся па сольных элекронных праектах і гурт ці трыа знаходзяцца ў вялацякучым стане. У любым выпадку, ад Аканы і Казальпіна застанецца добрая памяць – альбом “East Side Story”, які варта мець у сваёй фанатэцы, хоць гэта і не проста зрабіць. Хіба што раскашэліцца на 15 еўра і замовіць яго ў Еўропе, як, зрэшты, і альбом “Vir”.

jungle bells.mp3

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі