Вы тут

Казахстан пачне пастаўляць нафту ў Беларусь не раней за кастрычнік 2021 года

Мазырскі НПЗ / mazyr.by

Казахстан можа пачаць пастаўляць нафту ў Беларусь не раней за кастрычнік-лістапад 2021 года. Пра гэта заявіў міністр энергетыкі гэтай краіны Нурлан Нагаеў. Паводле яго слоў, пастаўкі магчымыя толькі пасля ратыфікацыі пагаднення ў парламенце, які адновіць працу восенню.

Прэм'еры Казахстана і Беларусі падпісалі пагадненне аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве ў галіне паставак нафты і нафтапрадуктаў 28 чэрвеня.

"Нам трэба будзе ратыфікаваць дадзенае пагадненне, і пасля ратыфікацыі парламентам мы складзём індыкатыўны план і пералік тавараў, якія могуць быць пастаўленыя ў Беларусь. І там жа будуць абмяркоўвацца віды нафтапрадуктаў і аб'ёмы", перадае словы Нагаева "Інтэрфакс".

Аб зацікаўленасці Беларусі ў пастаўках нафты з Казахстана прэм'ер Раман Галоўчанка заявіў у канцы траўня падчас сустрэчы з прэм'ер-міністрам Казахстана Аскарам Маміным.

"Калі гэта вам цікава, мы гатовыя працаваць у гэтым кірунку. Калі з нейкіх прычын ёсць неабходнасць адкласці гэтае пытанне альбо гэтая тэма не ўяўляе цікавасці для казахстанскага боку, то таксама гатовыя гэтае рашэнне абмеркаваць, каб унесці яснасць у дачыненні да фарміравання нашых балансаў паставак на наступны год",казаў тады Галоўчанка.

Перамовы аб пастаўках нафты з Казахстана ў Беларусь вяліся некалькі гадоў. Раней Астана настойвала, што здзелка на пастаўку нафты з Мінскам можа адбыцца толькі калі гэта будзе выгадна казахскаму боку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.