“Кастусёў — выпадковы элемент”: уражанні ад суда над “змоўшчыкамі”

У Мінску працягваецца суд над “змоўшчыкамі”. 16 жніўня ён праходзіць у “закрытым рэжыме”, але за дзень да гэтага на разгляд справы змог патрапіць праваабаронца Андрэй Бандарэнка. Сваімі ўражаннямі ад працэсу ён падзяліўся ў сацсетках. Караценька пераказваем асноўнае.

“На сёння спынюся толькі тэзісна на двух высновах: Кастусёў там выпадковы элемент і яго прывабілі выключна ў якасці "масоўкі" і яго вядомасці. Як сказаў сам Зянковіч: “Кастусёў рэагаваў толькі на слова “грошы”, не ўдзельнічаю ў абмеркаваннях”, — піша Бандарэнка. 

Па яго словах, уся ініцыятыва зыходзіла далёка не ад Фядуты і Кастусёва — ад слова "зусім": “Але вось тое, што там прагаворвалася, выклікае нават у мяне ўстойлівае абурэнне. І відаць, што ні Кастусёў, ні Фядута з такім раскладам не згодныя, але і катэгарычнага "не" ад іх не гучыць, на чым і грунтуецца абвінавачанне”.

Фактычна ў разглядзе бяруць удзел тры чалавекі — Кастусёў, Фядута і Зянковіч. Астатніх не чуваць і не відаць: “Фядута маральна прыгнечаны і зрэдку задае пытанні, Кастусёў увесь працэс на нагах і актыўна задае пытанні, Зянковіч трымаецца спакойна і ўпэўнена, нібыта ён сведка і ўсё, што адбываецца, яго мала цікавіць”.

У ZOOM-канферэнцыях, якія дэманструюцца ў судзе, Фядута і Кастусёў паводзяць сябе пасіўна, зрэдку ўключаючыся ў дыялог. Бандарэнка пераказвае дыялог з гэтай канферэнцыі і яе ўзровень канспірацыі:

Зянковіч: Нашу канферэнцыю глядзяць "Буслы", "Партызаны" і ... высокапастаўленыя людзі з сілавога блока

Фядута: Яны глядзяць ці маюць магчымасьць запісваць?

Зянковіч: Так, яны могуць запісваць...

Фядута: Дрэнна, вельмі дрэнна (маўчанне)

У ZOOM-размове прымае ўдзел прадстаўнік руху “Супраціў” Дзмітрый Шчыгельскі. Разам Зянковічам яны абмяркоўваюць сілавы варыянт перавароту і пошук грошай на яго фінансаванне. А таксама "як замачыць Лукашэнку і Ціханоўскую".

“Дарэчы сказаць, ні Фядута, ні Кастусёў ні словам не абмовіліся пра сілавы варыянт, але і пярэчанняў ад іх не паступіла. З відэа стварылася ўражанне, што абодва яны шакаваныя тым, што адбываецца, але ніяк не рэагуюць, — дадае Бандарэнка. 

Па справе “змоўшчыкаў” праходзяць пяць чалавек. Акрамя Зянковіча,  Кастусёва і Фядуты гэта Дзяніс Краўчук і Вольга Галубовіч. Усе яны за кратамі з вясны мінулага года.

Па версіі следства, абвінавачаныя рыхтавалі "дзяржаўны пераварот" у Беларусі. З прапагандысцкіх фільмаў, паказаных на дзяржаўным тэлебачанні, вынікае, што за "змоўшчыкамі" працяглы час сачылі спецслужбы, а вайскоўцаў, з якімі яны кантактавалі, ім падставілі.

Юрый Зянковіч заключыў здзелку са следствам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.