Вы тут

Канстытуцыя без “нейтралітэту”: так Лукашэнка прадае Пуціну сваю лаяльнасць

За падтрымку Расіі трэба чымсьці расплачвацца / калаж Улада Рубанава 

Пасля пачатку палітычнага крызісу ў Беларусі залежнасць Аляксандра Лукашэнкі ад Расіі паглыбляецца з кожным днём. І за яе падтрымку трэба чымсьці расплачвацца. Менавіта гэтым тлумачыцца жаданне беларускіх уладаў выкрасліць з Канстытуцыі пункт пра нейтралітэт, расказвае Еўрарадыё аналітык Еўрапейскага цэнтра па міжнародных адносінах Павел Слюнкін:

— І безумоўна, што той кошт, які выстаўляе Масква перад Мінскам, ён не зусім прымальны: ён тычыцца інтэграцыйных пытанняў, ваеннай базы і шмат яшчэ якіх пытанняў, якія так і ніколі не былі вырашыныя паміж Беларуссю і Расіяй. Але Мінску трэба дзякаваць, умоўна кажучы, Уладзіміру Пуціну за тое, што ён працягвае падтрымліваць кіраўніка краіны, якога ўнутры краіны падтрымлівае толькі 30 адсоткаў насельніцтва — не больш. 

Лукашэнка спрабуе паказаць, што з гэтым перыядам шматвектарнасці скончана — і зараз Беларусь цалкам адыходзіць да Расіі, да нашага галоўнага хаўрусніка. 

— Як кажа Аляксандр Лукашэнка, мы будзем з Уладзімірам Пуціным спінай да спіны адбівацца і адстрэльвацца — да самага канца. Можна так прадаваць гэтыя “пацалункі”, якія нічога не значаць. Безумоўна, мы ведаем, што кожнае слова нашай Канстытуцыі па факце нічога не будзе значыць, калі Лукашэнку захочацца зрабіць насуперак гэтым словам. Тое ж самае імкненне да нейтралітэту — але ніколі Беларусь, па сутнасці, амаль не імкнулася, акрамя некалькіх гадоў [1991–1994. — Еўрарадыё]. 

Лукашэнка сапраўды гандлюе беларускай Канстытуцыяй, бо хоча паказаць Расіі сваю вернасць і лаяльнасць, падтрымлівае Слюнкіна дырэктар па даследаваннях Цэнтра новых ідэй Рыгор Астапеня:

— Ён [Лукашэнка. — Еўрарадыё] выкарыстоўвае вось гэтую змену як магчымасць паказаць, што “я вось вывучыў гэты ўрок, што з гэтай шматвектарнасцю не трэба гуляцца, што больш не будзем сябраваць з Захадам”. Мы ж зараз бачым, што адбываецца скарачэнне штату супрацоўнікаў МЗС, якія працуюць у заходніх краінах. Спробы больш адкрываць дыппрадстаўніцтвы недзе ў Азіі. То-бок у прынцыпе ідзе працэс знішчэння беларускай знешняй палітыкі ў абмен на тое, каб Расія і надалей падтрымлівала Аляксандра Лукашэнку.    

Тым не менш, па словах Слюнкіна, Лукашэнку нічога не перашкаджае пазней “уключыць заднюю”:

— Мы [афіцыйны Мінск. — Еўрарадыё], нават выключыўшы гэтае палажэнне з Канстытуцыі, у будучыні зможам павярнуцца да палітыкі, якую Беларусь праводзіла з 2014-га па 2020-ы. І вось такія рэчы зараз патрэбныя проста для таго, каб аддаваць Маскве што-небудзь, што не каштуе вельмі шмат. Гэта і пазіцыя па Крыме, і халодная вайна з Захадам. Гэта зараз можа быць выкраслена з Канстытуцыі такое памкненне да нейтралітэту. І магчыма, Маскве гэта сапраўды будзе дастаткова, каб працягваць падтрымліваць Лукашэнку ці як мінімум палічыць, што ён нешта змяняе ў іх інтарэсах. 
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.