Вы тут

Канструкцыі новага моста на Нямізе ў Мінску ўжо сабраныя

Новы мост у Мінску будуюць у тэрміновым парадку / БЕЛТА

Канструкцыі новага моста на Нямізе ўжо сабраныя, ідуць працы па аздабленні. Пра гэта ў пятніцу заявіў старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў. Ён спадзяецца, што здача адбудзецца ў раней вызначаныя тэрміны. Запуск руху на новым мосце плануюць на 10 лютага. Каб паспець, працы ідуць кругласутачна.

Пешаходная частка моста на Нямізе абрынулася ў ноч з 7 на 8 студзеня 2022-га, здарэнне трапіла на відэа. На шчасце, ніхто не пацярпеў. Мост быў пабудаваны ў 1962-м. Прычынай здарэння называюць "стомленасць" яго канструкцыі, уплыў на яе вібрацыі ад працы метро, частыя перапады тэмпературы паветра. Следчы камітэт распачаў крымінальныя справы па артыкулах "службовая халатнасць" і "парушэнне праектаў".

Аварыйны мост разабралі за некалькі дзён, адразу ж пачаліся працы па ўзвядзенні новага.

28 студзеня ў пасланні "народу і парламенту" пра мост на Нямізе згадаў Аляксандр Лукашэнка. Ён заявіў, што трэба неадкладна мадэрнізаваць тыя масты, у якіх падчас абследавання выявілі праблемы. Пра тое, дзе на гэта будуць узятыя сродкі, ён не ўдакладніў.

Так выглядае новы мост / minsknews.by

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.