Канфлікт BOpromo і “Корпус 8”: у нас супрацьлеглае бачанне канцэпцыі прасторы

Канфлікт BOpromo і “Корпус 8”: у нас супрацьлеглае бачанне канцэпцыі прасторы

З яшчэ неадкрытага сталічнага “Корпуса 8” нечакана сыходзіць каманда BOpromo, якая рамантавала першы паверх крэатыўнага хаба, рабіла з яго культурную пляцоўку, планавала прывесці туды людзей ды запусціць і раскруціць месца. У каментарыі Еўрарадыё Аляксандр Багданаў (Papa Bo), з якім напрамую асацыюецца новая сталічная пляцоўка, тлумачыць сыход рознагалоссямі з кіраўніком і галоўным арандатарам памяшкання Вадзімам Жуком.

“Усе, хто працаваў над гэтым праектам, бачылі ў яго будучай канцэпцыі адно, а Вадзім першапачаткова не агучыў свайго бачання, — тлумачыць кіраўнік BOpromo. — А пасля ён пачаў прасоўваць сваё бачанне, якое для нас абсалютна чужое і, нават, супрацьлеглае. Думаю, што добра ўсё гэта ахарактаразуе адзін яго выраз: калі ласка, не ўжывайце слова культура ў каментарыях для прэсы пра “Корпус 8”, каб наша месца не асацыявалася з культурай, а асацыявалася з бізнесам”.

Канфлікт BOpromo і “Корпус 8”: у нас супрацьлеглае бачанне канцэпцыі прасторы

"Корпус 8" — "незалежная прастора для абмену досведам паміж прадстаўнікамі крэатыўных індустрый, выбудоўвання ўзаемаадносін для рэалізацыі сумесных праектаў". Будынак, які знаходзіцца на тэрыторыі завода “Гарызонт” падзелены на 2 паверхі: на першым будзе грамадская прастора са сцэнай і барам для мерапрыемстваў і выстаў; на другім — офісы для вядучых прадстаўнікоў крэатыўнага бізнесу, а таксама некалькі лекцыйных зал.

Аляксандр прызнаецца, што ёсць і яшчэ адна прычына адмовы ад “Корпуса 8”. Ад пачатку супрацоўніцтва з Вадзімам Жуком уздымалася пытанне юрыдычных паўнамоцтваў каманды BOpromo.

“Былі апісаныя канкрэтныя ролі для кожнага, і іх Вадзім Жук прыняў, — працягвае Аляксандр Багданаў. — Але цягам чатырох месяцаў ён адцягваў момант падпісання нейкіх дамоўленасцяў. Спачатку ён думаў пусціць нас у сузаснавальнікі і штодзень вылічваў, колькі гэта грошай трэба. А людзі гарэлі ідэяй рабіць усё роўна трэба, таму чакалі і рабілі. Але ў пэўны момант стала зразумела, што чалавек проста цягне час. Ён ужо не хацеў нас пускаць у сузаснавальнікі, а шукаў варыянты дамовы пра субарэнду. Потым адцягваў, бо трэба рыхтавацца да мерапрыемства і гэтак далей”.

У выніку, пасля пробнага мерапрыемства на “Гадзіну Зямлі”, дзе выступіў гурт “Кассиопея”, Вадзім адкрыта сказаў, што BOpromo па-за канцэпцыяй “Корпуса 8” і далейшае супрацоўніцтва магчымае толькі па разавай дамове на мерапрыемствы.

Канфлікт BOpromo і “Корпус 8”: у нас супрацьлеглае бачанне канцэпцыі прасторы

“У Вадзіма аргумент існуе толькі адзін, што, вельмі засмучаныя і раззлаваныя чатырма месяцамі чакання і неразумення, людзі ў пэўны момант пачалі вельмі груба з ім размаўляць”.

Аляксандр Багданаў

На сваёй старонцы ў Facebook Вадзім Жук сапраўды напісаў, што “быў гатовы трываць хамства і неадэкватнасць (з боку BOpromo) ў дачыненні да сябе, але ў дачыненні да іншых удзельнікаў праекта гэта недапушчальна”. А вось у каментарыі Еўрарадыё галоўны заснавальнік “Корпуса 8” назваў і іншыя прычыны расставання.

“Гэта вельмі складаная сітуацыя, — выказвае сваё бачанне канфлікту Вадзім Жук. — Пракаментаваць словамі кшталту "ён — дурак, а я тут ні пры чым", немагчыма. Калі ж без падрабязнасцяў, то BOpromo хацелі атрымаць эксклюзіўнае права дзейнасці на першым паверсе прасторы. Але спецыфіка пляцоўкі даволі складаная, бо гэта агульная ўваходная група ўсяго “Корпуса”, бо там мусяць праходзіць мерапрыемствы, датычныя ўсіх удзельнікаў праекта, у тым ліку рэзідэнтаў другога паверха. Таму аддаць прастору першага паверха пад самастойнае фармаванне мерапрыемстваў нейкай адной групе людзей практычна немагчыма”.

Вадзім прызнаецца, што для яго сыход BOpromo стаў нечаканасцю, таму пакуль няма дакладных ідэй, кім іх замяніць. Але, хутчэй за ўсё, гэта будуць асобныя менеджары, якія будуць адказваць за розныя сферы мерапрыемстваў: адукацыйныя, музычныя і іншыя неабходныя для “Корпуса 8”. Адкрыццё прасторы запланаванае на травень і пра перанос пакуль гаворкі не вядзецца.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі