Дырэктары Trubetskoy і “Серебряной свадьбы” стварылі ў Беларусі інды-лэйбл

У Беларусі пачаў працаваць новы музычны інды-лэйбл SunWoofer. Яго стваральнікамі сталі экс-дырэктар гурта “Ляпіс Трубяцкі” і дырэктар Trubetskoy Яўген Калмыкоў, былы піяршчык "Ляпісаў" Аляксандр Бергер, дырэктар “Серебряной свадьбыАляксандр Багданаў і маскоўскі музычны краўд-эксперт Ягор Ельчын.

“Дыскі ўжо прыраўноўваюцца да мерчэндайзінгу, а вось на продажы ў інтэрнэце ёсць надзея. Гэтую тэму мы і будзем разгойдваць, — тлумачыць з’яўлення лэйбла адзін з яго стваральнікаў Яўген Калмыкоў. — Для нас самае галоўнае — па-першае, правільна аформіць дамовы, з дапамогай якіх пасля раскідаць матэрыял на ўсе магчымыя платформы. А па-другое, промападтрымка, бо на кожнай буйной платформе ёсць свае нюансы ды карпаратыўныя правілы. Напрыклад, як зрабіць так, каб добры матэрыял на iTunes трапіў на старонку, а не проста ў каталог”.

Фактычна SunWoofer з’яўляецца падлэйблам расійскага мэйджара “Саюз”, бо для працы будзе выкарыстоўвацца іх дыстрыб'ютарская база. Але на думку Яўгена, гэта не замінае SunWoofer называцца "інды", бо “калі пакапацца, то большасць сусветных інды-лэйблаў працуе менавіта такім чынам”.

Першы рэліз SunWoofer — альбом Міхея Насарогава і кампаніі “Друг”, які ўжо можна знайсці ў сеціве. Далей плануецца выданне дзіцячай праграмы “Серебрянной свадьбы”, таксама лэйбл будзе супрацоўнічаць з гуртамі “Петля Пристрастия”, “Кассопея”, Trubetskoy і іншымі.

“Насамрэч, мы стваралі лэйбл найперш для таго, каб больш якасна і з большай карысцю супрацоўнічаць з тымі музыкамі, з якімі мы ўжо супрацоўнічаем, — з усмешкай рэзюмуе Яўген. — Таму і вельмі складана вызначыць стылістычныя межы для музыкі, якую мы будзем выдаваць. Так што, гэта будзе суцэльная карупцыя, густаўшчына і сяброўскія адносіны”.

Каб своечасова даведвацца пра навінкі, над якімі будзе працаваць SunWoofer, стваральнікі прапануюць далучацца да старонкі лэйбла ў Фэйсбуку. Там жа можна пакідаць заяўкі на супрацоўніцтва.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі