Кандыдата ў дэпутаты Юхневіча выклікаюць на камісію за пікет без пасведчанняў

Кандыдата ў дэпутаты Юхневіча выклікаюць на камісію за пікет без пасведчанняў

Кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад “Еўрапейскай Беларусі” Паўла Юхневіча выклікаюць на камісію па Пушкінскай выбарчай акрузе № 103. Днямі Павел разам са сваімі даверанымі асобамі правёў два пікеты, але яго паплечнікі не мелі афіцыйных пасведчанняў.

22 кастрычніка Павел даведаўся, што заўтра адбудзецца пасяджэнне камісіі “па яго пытанні”.

“Я сёння [22 кастрычніка. — Еўрарадыё] патэлефанаваў у акруговую камісію, каб пацікавіцца, дзе пасведчанні маіх давераных асоб, якія мусяць быць выдадзены, — расказаў Еўрарадыё Павел Юхневіч. — На жаль, мне іх не далі, калі выдавалі маё пасведчанне аб рэгістрацыі кандыдатам. Мне адказалі, маўляў, пасведчанні гатовыя, можаце забраць… Ну і заўтра пасяджэнне камісіі па вашым пытанні. Кажу: па якім пытанні?”

Выявілася, што разам са сваёй камандай Павел Юхневіч нібыта парушыў парадак правядзення агітацыі. Кандыдат дадае, што сапраўды пасведчанняў у сяброў яго групы падчас пікетаў не было, бо іх фізічна не выдалі, хаця мусілі выдаць разам з яго кандыдацкім пасведчаннем.

“У Выбарчым кодэксе нідзе не прапісана, што агітацыю мусяць ладзіць выключна давераныя асобы. Відавочна, што прыдумляюцца нейкія нагоды. Не буду моцна драматызаваць, паглядзім, што будзе заўтра”, — расказаў актывіст “Еўрапейскай Беларусі”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі