Кандыдат ад БНФ В.Свяцкая: Я на ўсе 100% упэўненая ў сваёй перамозе

Кандыдат у дэпутаты ад Партыі БНФ Валянціна Свяцкая, якая балатуецца па Ясенінскай выбарчай акрузе, выказала ўпэўненасць у сваёй перамозе. Пра гэта яна заявіла сёння карэспандэнту Еўрарадыё. В. Свяцкая: “Я ўпэўненая ў тым, што перамога павінна быць маёй. Упэўненая! Уладам, калі яны сфальсіфікуюць вынікі, ім будзе вельмі цяжка гэта зрабіць. Я ведаю, якія вынікі будуць, але я ўсё адно ўпэўненая, што я павінна перамагчы”.

Паводле слоў кандыдата, падчас збору подпісаў і падчас агітацыйнай кампаніі яна самастойна абышла ўсю сваю акругу ад “дзвярэй да дзвярэй”. На сваіх улётках Валянціна Свяцкая пакідала нумар тэлефону. За час кампаніі не было ніводнага негатыўнага тэлефанавання, усе выказвалі словы падтрымкі: ад бабуляў да супрацоўнікаў міліцыі. Але здзівіла кандыдата падтрымка з боку акруговай выбарчай камісіі.

В. Свяцкая: “Сябры акруговай камісіі пасля майго выступу па тэлебачанні тэлефанавалі мне і казалі: “Валентина Анатольевна, Ваше выступление было супер! А мы всем говорим: это наша Валентина Анатольевна!” Што гэтым разам здарылася з акруговай камісіяй – я не ведаю!”

Адзіным апанентам Валянціны Свяцкай з’яўляецца прадстаўнік Камуністычнай партыі Ігар Карпенка. Абодва яны супернічалі і на мінулых выбарах. Тады перамога была за камуністам, а кандыдат ад БНФ набрала паводле афіцыйнай версіі толькі 16,8% галасоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі