Камароўка ў жніўні забракавала толькі дзве пробы грыбоў на цэзій-137

Радыяцыйнае абследаванне пробаў грыбоў і ягад на цэзій-137, які праводзіць "Беллесахова" дало, здаецца, нечаканыя вынікі.

Ва ўсіх абласцях аналіз паказаў перавышэнне дапушчальных узроўняў утрымання цэзію ў грыбах. У Брэсцкай вобласці перавышэнне цэзію-137 было у кожнай пятай пробе, у Гомельскай — у 45%; самыя чыстыя — гродзенскія грыбы, там толькі 10% забракаваных пробаў. Забруджанне ягад таксама на высокім узроўні — 28% пробаў чарніц перавышаюць норму.

Ці варта нам усім панікаваць?

Прадстаўнік "Беллесаховы" тлумачыць, што калі перавышэнне радыяцыі зарэгістраванае ў 40% проб грыбоў, гэта не значыць, што забракаваныя 40% усіх грыбоў гэтай вобласці. Бо спецыялісты манітораць менавіта забруджаныя тэрыторыі: "Гэта не працэнты ад усіх сабраных грыбоў, напрыклад, у Мінскай вобласці. Гэта працэнты ад зробленых намі пробаў грыбоў, адабраных на спецыяльных палігонах з розным узроўнем забруджвання".

Нават колькасць проб залежыць ад таго, колькі на кантрольным участку вырасла грыбоў і ягад: "Ёсць палігоны, дзе багата растуць грыбы і ягады, і там будзе шмат спроб. Дзесьці можа быць і 2-3 пробы".

Напрыклад, гэтым разам было праведзена 589 проб грыбоў, аднак яны нераўнамерна размеркаваліся па абласцях: у Гомельскай вобласці праведзена 335 проб, з якіх 45% былі з перавышэннем, а ў Гродзенскай — 10 проб, з якіх толькі 1 проба з перавышэннем.

Такім чынам, вынікі залежаць не толькі ад узроўню забруджанасці, але і ад ураджайнасці грыбоў на забруджаных тэрыторыях.

Радыяцыйны кантроль праводзіцца на спецыяльных кантрольных палігонах: "Кантрольныя палігоны — гэта 52 пляцоўкі па ўсёй краіне, дзе два разы на год збіраюць ягады і грыбы: белыя, лісічкі, сыраежкі, падасінавікі і іншыя".

У Віцебскай вобласці забруджаных грыбоў не знайшлі, таму што там няма забруджаных тэрыторый, і спецыялісты "Беллесаховы” грыбы там проста не збіраюць.

"Высокі працэнт перавышэння цэзію ў грыбах і ягадах застаецца практычна нязменным на працягу многіх гадоў, — гавораць спецыялісты "Беллесаховы". — Гэта звязана са стабільна высокай колькасцю цэзію-137 у лясной падсцілцы і верхніх пластах глебы".

Грыбы і ягады правяраюць толькі на цэзій-137, на стронцый-90 праверак няма.

Цікава, што на сталічным Камароўскім рынку ў жніўні забракаваныя толькі 4 пробы ягад і 2 пробы грыбоў. Па словах загадчыцы лабараторыі № 4 Кацярыны Дубікоўскай, там таксама правяраюць толькі на цэзій:

"За жнівень праз высокую колькасць радыенуклідаў не дапусцілі 4 пробы ягад і 2 пробы грыбоў. Правяраем толькі на цэзій-137, на стронцый-90 не акрэдытаваныя".

Так, у чэрвені Камароўскі рынак не пусціў на продаж чатыры пробы грыбоў і адну пробу ягад праз высокае ўтрыманне радыенуклідаў.