Калі ратыфікуюць бязвізавае пагадненне з Турцыяй?

Ужо праз 3 тыдні лета, але беларусы, відаць, не змогуць ездзіць у Турцыю без візы. Справа ў тым, што нашы краіны нядаўна падпісалі пагадненне аб бязвізавых паездках грамадзян. Па ім грамадзяне абедзвюх краінаў могуць без візы знаходзіцца ў Турцыі і Беларусі адпаведна да 30 дзён за адну паездку. Міністр замежных справаў Уладзімір Макей яшчэ 29 сакавіка сказаў пра гэта на сустрэчы з міністрам замежных спраў Турцыі. Які, у сваю чаргу, адзначыў, што чакае павелічэння турыстаў з Беларусі.
 
"Штогод з Беларусі ў Турцыю прыязджаюць 140 тысяч турыстаў. Мы спадзяемся, што гэты паток вырасце пасля падпісанага пагаднення".
 
Па тэлебачанні таксама паведамлялі, што цяпер беларусы змогуць ездзіць без візы ў Турцыю. Але, як даведваецца Еўрарадыё, нічога ў візавым пытанні з гэтай краінай не змянілася. Беларусы, як і раней, мусяць атрымліваць візу ў аэрапорце. Не значыцца Турцыі і ў спісе краінаў, куды беларусам не трэба візы, на сайце МЗС.
 
У Палаце Прадстаўнікоў паведамляюць, што дакумент на ратыфікацыю да іх не прыходзіў. Цяпер там знаходзіцца шэраг іншых дакументаў, але не пагадненне з Турцыяй.
 
Пытанні прававога становішча замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства, ратыфікацыя пратакола з Сербіяй аб свабодным гандлі, аб мытным рэгуляванні, ратыфікацыя пратакола аб унясенні зменаў у пагадненне аб правілах вызначэння краіны паходжання тавараў у СНД.
 
Калі яно з'явіцца на ратыфікацыі ў парламенце, не падказваюць і ў МЗС. Вядома толькі, што цяпер пагадненне павінна прайсці шэраг працэдураў унутры краіны, каб патрапіць у парламент. Зараз дакумент праходзіць унутрыдзяржаўныя працэдуры, сціпла адзначаюць там.
 
Так ці можна будзе беларусам у Турцыю без візы сёлета, пакуль пад пытаннем. Ад 17 красавіка замест візы ў аэрапорце туркі выдаюць электронную візу. Каб яе атрымаць, дастаткова запоўніць анкету на сайце www.evisa.gov.tr і заплаціць карткай 20 долараў — гэта дае права на шматразовы ўезд у краіну цягам паўгода, сума дзён не павінна перавышаць 60. 

Штогод беларусы аддаюць за турэцкія візы 2,8 мільёна долараў.

 
Уладзімір Макей адзначыў, што распрацоўка такога пагаднення была ініцыявана пасля візіта Аляксандра Лукашэнкі ў Турцыю ў 2010 годзе.
 
"Гэта вельмі важныя пагадненні, якія нашыя грамадзяне адчуюць на сабе".
 
Атрымоўваецца, што амаль 3 гады спатрэбілася на распрацоўку дакумента. Колькі ж цяпер трэба на ратыфікацыю?
 
У Расіі гэта заняло прыкладна год. У маі 2010 года было падпісана пагадненне аб бязвізавым рэжыме з Турцыяй, а ў красавіку 2011 яно пачало дзейнічаць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі