“Калі нехта з дэмакратаў спадзяецца прайсці ў парламент, то ён памыляецца”

“Калі нехта з дэмакратаў спадзяецца прайсці ў парламент, то ён памыляецца”

Навошта Партыя БНФ бярэ ўдзел у выбарах, калі лічыць, што спісы будучых парламентарыяў ужо складзеныя? Пойдуць іх кандыдаты да канца ці здымуцца ў апошні момант? Чаму іх кандыдат прапануе аддаць у прыватнасць палякам беларускую зямлю? Каб адказаць на гэтыя пытанні, у студыю Еўрарадыё прыйшлі старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч і яго намеснік — Рыгор Кастусёў. Абодва — кандыдата ў дэпутаты парламента.

Цалкам размову з Аляксеем Янукевічам і Рыгорам Кастусёвым можна паслухаць тут:

Лепшыя цытаты з размовы:

Рыгор Кастусёў: І сёлета не змянілася нічога ў параўнанні з мінулымі выбарчымі кампаніямі.

Аляксей Янукевіч: Такое адчуванне, што міжнародных назіральнікаў беларускія парламенцкія выбары цікавяць больш, чым жыхароў Мінска. На вуліцах з’явіліся выбарчыя ўлёткі і плакаты, мы спрабуем расштурхаць грамадства, але цікавасць людзей застаецца вельмі нізкай ― у іх пануе адчуванне няважнасці таго, што адбываецца.

Рыгор Кастусёў: Людзі ўпэўненыя ― гэтая выбарчая кампанія не прынясе зменаў у Беларусь. Мне кажуць: “Мы гатовыя за цябе прагаласаваць, але ўсё адно дэпутатам стане той, каго ўжо прызначылі”. Разуменне гэтай сітуацыі і выклікае нецікаўнасць людзей да выбарчай кампаніі. Калі людзі ўсвядомяць, што ёсць варыянт, каб іх голас пачулі і іх голас будзе вырашальным, тады яны выйдуць і падтрымаюць і Партыю БНФ, і іншых дэмакратаў.

Аляксей Янукевіч: Калі нехта з дэмакратычных кандыдатаў лічыць, што сёлета ёсць хай і невялічкі, але шанец патрапіць у парламент, то ён памыляецца. Я не бачу ніякіх перадумоў для таго, каб улады змянілі правілы, па якіх апошнія 20 гадоў яны праводзяць выбары. Лукашэнка не хоча дапусціць сітуацыю, калі б парламент выйшаў з-пад кантролю. А ў яго разуменні гэта азначае не даць ніводнага шансу для з’яўлення там хаця б аднаго чалавека, які разважае незалежна.

Аляксей Янукевіч: Ад Алега Гайдукевіча пагрозы рэжыму няма ніякай і я не выключаю, што яго ў парламент пусцяць. Калі толькі не вырашаць, што нават такога занадта актыўнага ім там не трэба. А вось тая ж Алена Анісім, чалавек непадкантрольны, які можа нечакана выйсці з нейкай ініцыятывай і ў прысутнасці якога не ведаеш, як можа пайсці пасяджэнне ― гэта стрэс для ўсёй сістэмы. Не захочуць улады гэтую сістэму выпрабоўваць стрэсам.

Аляксей Янукевіч: Байкот быў бессэнсоўны раней і тым больш ён бессэнсоўны цяпер. Таму мы не будзем заклікаць нашых кандыдатаў здымацца ― пераважная большасць будзе ісці да канца.

Аляксей Янукевіч: Сёння людзі ўжо ведаюць, што ёсць варыянт кансервацыі, які прапануе рэжым. Ёсць варыянт прадацца Расіі, які прапануе “рускі мір”. І ёсць варыянт рэформ, які прапануе Партыя БНФ.

Аляксей Янукевіч: Беларускія ўлады не дамогуцца ад міжнароднай супольнасці прызнання сёлетніх выбараў дэмакратычнымі. І ўжо не маюць такіх ілюзій аб прызнанні парламента як легітымнага органа. Але ўлады будуць імкнуцца атрымаць пазітыўную ацэнку выбараў. Кшталту: “Выбары не адпавядалі стандартам, але зрухі ў лепшы бок ёсць”.

Рыгор Кастусёў: Скандал на тэму: “Кандыдат ад БНФ хоча раздаць зямлю нашчадкам польскіх асаднікаў!” зрабілі людзі, якія не да канца зразумелі нашага кандыдата. Тут гаворка выключна пра нашу прапанову: зямля павінна перайсці ў прыватную ўласнасць! І па магчымасці — вярнуць зямлю нашчадкам тых, хто некалі ёй валодаў. Што праўда, дакументаў, якія б гэта пацвердзілі, цяпер практычна немагчыма знайсці. Але ў любым выпадку: мы не падзяляем грамадзян Беларусі на палякаў і беларусаў, для нас усе грамадзяне Беларусі — гэта беларусы.

Фота Алеся Пілецкага

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі