“Калі чыноўніка на месцы няма — значыць, у гэтым узнікла дзяржпатрэба!"

Прыёмнай маці з Оршы Алене Кашынай віцэ-прэм’ер міністр Анатоль Тозік адмаўляе ў прыёме трэці раз. Жанчыне то раяць напісаць пісьмовы зварот і спускаюць пытанні ніжэй па вертыкалі, то ўвогуле адмаўляюць без бачных прычын.

"Было нават такое, што нам абмежавалі кола пытанняў. Казалі, што тры пытанні для віцэ-прэм'ера — вельмі многа, давайце адно", — распавядае Еўрарадыё Алена. Аднак і адно не даваць!

Напрыклад, жанчына хацела пацікавіцца ў Тозіка, чаму за лекі прыёмным бацькам не вяртаюцца грошы.

Паводле закону “Аб зваротах грамадзян…” чыноўнік можа адмовіць у прыёме ў двух выпадках — калі такі прыём ужо быў ці калі перапіска з ім была спыненая.

“Перапіска з намі не сканчалася! А на прыёме, дзе б атрымалі поўны адказ, мы не былі”, — кажа Алена Кашына.

Тэлефаную ў аддзел па звароце грамадзян Савета міністраў. Да Анатоля Тозіка карэспандэнта Еўрарадыё не запісваюць, бо… няма графіка прыёму на наступны месяц! Тут мне раяць падумаць, ці адносяцца мае пытанні да кампетэнцыі Анатоля Тозіка.

“А ў Мінздароўя вы звярталіся? У Анатоля Афанасьевіча (Тозіка. — заўв. Еўрарадыё), канечне, пытанні і аховы здароўя, і спорту. Але ёсць міністры, якія курыруюць вашу сферу!”

Аднак я хачу да Тозіка, тады ад мяне патрабуюць спачатку напісаць пісьмовы зварот — і “можа маё пытанне будзе разгледжана ў працоўным парадку”. І гэта пры тым, што ў законе “Аб зваротах грамадзян…” ёсць магчымасць вуснага звароту!

Спрабую запісацца да іншых чыноўнікаў. У адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска мяне без праблем запісваюць да… намеснікаў кіраўніка. Бо ў самога кіраўніка адміністрацыі “вельмі многа жадаючых патрапіць на прыём”.

Прасцей за ўсё трапіць… да міністраў. Да прыкладу, каб запісацца да міністра энергетыкі, дастаткова тэлефанавання.

А што рабіць, калі чыноўніка на месцы няма ў гадзіны прыёма? Такія выпадкі таксама былі! Аказваецца, трэба па-людску… да чыноўніка.

Мінгарвыканкам: "Проста па-людску сакратарка павінна была вам патлумачыць, каб вы пачакалі. Вам не могуць адмовіць у прыёме. Але калі прыйшлі і на месцы няма — значыць, у гэтым узнікла дзяржаўная патрэба!"

У Камітэце дзяржкантролю мне тлумачаць, што калі чыноўніка няма на месцы ў дзень прыёму — гэта парушэнне:

“Можна звярнуцца ў вышэйстаячую арганізацыю, і тады да чыноўніка будзе прымененыя дысцыплінарныя меры”.

Толькі паскардзіцца на віцэ-прэм'ера Анатоля Тозіка нельга. У прэм'ера Міхаіла Мясніковіча таксама няма графіку прыёму на наступны месяц.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі