“Калі б звальнялі без тлумачэнняў, гэта было б больш карэктна”

“Гэта пачалося не сёння, а ў сярэдзіне траўня. Раптам мяне выклікалі і сказалі, што мая актыўная пазіцыя ў дачыненні да сына не падабаецца. Прапанавалі перагледзець маю пазіцыю і тады мяне пакінуць на працы. Калі я гэтага не зраблю, то мяне звольняць”, — расказвае маці асуджанага на 8 гадоў калоніі анархіста Ігара Аліневіча Валянціна.

Аб непрацягненні кантракта з БДЭУ Валянціна напісала раніцай 28 чэрвеня на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. Ва універсітэце яна працавала на кафедры эканомікі. Расказвае, што ўсе “перамовы” з ёй вяла непасрэдная начальніца. Аднак Валянціна Аліневіч перакананая, што ініцыятыва сыходзіла зверху.

На думку маці Ігара Аліневіча, улады мэтанакіравана ціснуць на сваякоў палітвязняў. “Гэта садызм у дзяржаўнай форме”, — кажа яна. Паводле Валянціны, калі б хацелі проста звольніць — маглі б зрабіць гэта значна больш карэктна.

“Я ужо пажылая жанчына, на пенсіі. Калі б са мной спакойна не падпісалі кантракт на наступны год, то мне, вядома, было б непрыемна. І ўсе б разумелі, што за гэтым стаіць. Аднак гэта было б больш карэктна”.

Пакуль Валянціна Аліневіч не мае канкрэтных планаў на бліжэйшую будучыню. Плануе адпачыць. Яна далёка не першая, хто пазбавіўся працы праз грамадскую актыўнасць сваіх дзяцей. У 2007 годзе у Мінску была ўзбуджаная крымінальная справа ў дачыненні да пяці маладафронтаўцаў, у тым ліку і супраць Насты Палажанкі. Яе бацька Уладзімір на той момант працаваў у адной са структур Мінгарвыканкама. Пакуль начальнік не паклікаў на шчырую размову.

“Сутнасць размовы зводзілася да наступнага — Уладзімір Пятровіч, да вас прэтэнзій няма, але маючы такую дачку, вы не можаце працаваць у органах дзяржкіравання. Назаўтра ўжо ў 11 гадзін я меў пры сабе працоўную кніжку”.

Уладзімір Палажанка кажа, што да звальнення спрабаваў паўплываць на дачку і пераканаць яе суцішыць свае грамадскія ды палітычныя амбіцыі. Але хутка зразумеў, што яна ставіцца да гэтага сур’ёзна. А пасля звальнення бацька самай вядомай маладафронтаўкі і сам, па яго словах, “азлобіўся на ўлады”.

Праваабаронца Таццяна Равяка распавядае, што пераслед і рэпрэсіі ў дачыненні да родных грамадскіх актывістаў і палітзняволеных у Беларусі не рэдкасць. Згадвае адзін са свежых выпадкаў, калі на бастуючых рабочых мікашэвіцкага “Граніту” спрабавалі ціснуць праз жонак. Равяка таксама мяркуе, што беларускія спецслужбы перанялі такую практыку з савецкага мінулага, вядомага асаблівым стаўленнем да сем’яў “ворагаў народа”.

Самае складанае пытанне ва ўсім гэтым — наколькі рэальна для блізкіх актывістаў і палітвязняў будзе ў будучыні адстаяць свае правы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі