Калаур гандлюе з Перу, Шэйман — з Зімбабвэ. Хто лепшы на "дальняй дузе"

Калаур гандлюе з Перу, Шэйман — з Зімбабвэ. Хто лепшы на "дальняй дузе"

Продаж беларускіх тавараў за мяжу ў нашай краіне справа дзяржаўная. Адпаведна, адказнасць за выкананне гэтай задачы ўскладзеная на высокіх чыноўнікаў — за кожным кіраўніком з урада, у тым ліку прэм’ер-міністрам, замацаваная краіна, за экспарт у якую беларускіх тавараў ён адказны.

У адпаведнасці з пастановай Саўміна №787 , быў абноўлены спіс чыноўнікаў, “адказных за рост і дыверсіфікацыю экспарту тавараў і паслуг”. Прэм’еру Сяргею Румасу даручана займацца расійскім накірункам, за віцэ-прэм’ерам Аляксандрам Турчыным замацаваныя Казахстан, Малайзія, Сінгапур і Філіпіны, за Уладзімірам Кухаравым — Літва, Бразілія, Гана і Нігерыя і гэтак далей.

Такое размеркаванне адказнасці паміж чыноўнікамі — не прыдумка новапрызначанага прэм’ера Румаса ці некага з яго каманды “маладых рэфарматараў”. Такое “куратарства” над краінамі існуе не першы год, і раней за “расійскі накірунак” адказваў папярэднік Сяргея Румаса Андрэй Кабякоў, а, да прыкладу, за Гану з Нігерыяй — папярэднік Уладзіміра Кухарава Анатоль Калінін.

Еўрарадыё вырашыла паглядзець, ці дапамагае такое размеркаванне краін паміж чыноўнікамі “росту і дыверсіфікацыі экспарту тавараў і паслуг” у гэтыя краіны. А калі мы, як кажа Румас, нацэленыя на заваяванне рынкаў краін “далёкай дугі”, то на гэтыя “экзатычныя” краіны і глядзім.

 

У напрамку Калаура ў апошнія гады рост

 

Старшыня Праўлення Нацбанка Павел Калаур адказвае за рост экспарту ў Аргенціну, Перу, Уругвай, Чылі, Кенію і Эфіопію. Бяром Уругвай. У 2015 годзе мы паставілі ў гэтую краіну “тавараў і паслуг” на 9,3 мільёна долараў, у 2016-м — на 10,5 мільёна, у 2017-м — на 22,5 мільёны долараў. Перу: у 2015 годзе мы прадалі ім беларускага на 0,4 мільёна долараў, у 2016-м — на 5,9 мільёна, у 2017-м — на 9,8 мільёна. Цікава, што звестак на экспарце ў Кенію і Эфіопію ў “Статыстычным зборніку” Белстата… няма ўвогуле. База дадзеных знешняга гандлю, аднак, кажа, что экспарт у Кенію ўпаў з 3,3 мільёна долараў у 2015 годзе да 1,5 мільёна ў 2017-м. З Эфіопіяй яшчэ горш: падзенне з 11,7 мільёна долараў у 2015 годзе да 1,8 мільёна ў 2017-м.

 

У Шэймана прарыў у Зімбабвэ

 

Кіраўнік справамі прэзідэнта Віктар Шэйман адказвае за гандаль з Балівіяй і Зімбабвэ. Што маем? У 2016 годзе ў Балівію экспартавалі беларускіх тавараў на 154,9 тысячы долараў, а ў 2017 годзе — на 30 тысяч долараў. Лепшая сітуацыя з Зімбабвэ: у 2016 годзе сума экспарту склала 0,2 мільёна долараў, у 2017-м экспарт вырас да 19 мільёнаў долараў.

 

У напрамку Ляшэнкі на “дальняй дузе” сітуацыя так сабе

 

Старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта (прозвішча ў пастанове Саўміна не ўказанае, але сёння гэта Раман Галоўчанка) курыруе Анголу. Тут, паводле Белстата, сітуацыя станоўчая. У 2015 годзе мы туды экспартавалі тавараў і паслуг на суму 31,2 мільёна долараў, у 2016 — на 40,3 мільёна, у 2017-м — на 73 мільёна долараў.

Віцэ-прэм’ер Ігар Ляшэнка (а да гэтага — яго папярэднік віцэ-прэм’ер Сямашка) адказны за Венесуэлу, В’етнам, Інданезію, Туркменістан і Украіну. Глядзім на экспарт у Венесуэлу: 2015 год — 27 мільёнаў долараў, 2016-ы — 2 мільёны, 2017-ы — 10 мільёнаў долараў. В’етнам: 2015 год — 111, 4 мільёна долараў, 2016-ы — 76,7 мільёна, 2017-ы — 76,3 мільёна. Інданезія: 2015 год — 169,3 мільёна долараў, 2016-ы — 175,4 мільёна, 2017-ы — 134,6 мільёна долараў. Абваліўся экспарт у Туркменістан з 91,5 мільёна долараў у 2015 годзе да 61,4 мільёна у 2017 годзе. І толькі гандаль з Украінай радуе “куратара”: калі ў 2015 годзе мы туды экспартавалі тавараў на суму 2,5 мільярда долараў, то ў 2017 годзе — на  3,36 мільярда. Хаця Украіна, безумоўна, да экзатычных краін ніяк не адносіцца.

 

У Кухарава будзе шмат працы

 

Не вельмі добра ідуць справы ў гандлі з Ганай і Нігерыяй, за якія адказвае віцэ-прэм’ер Кухараў (да гэтага за іх адказваў яго папярэднік Калінін). Экспарт у Гану вагаецца ад 2,4 мільёна долараў у 2015 годзе да 4,2 мільёна у 2017-м, а ў Нігерыю у 2017 годзе мы прадалі тавараў на 21,9 мільёна долараў у той час калі ў 2015 годзе — на 30,5 мільёна.

Калі падрабязна вывучаць лічбы, то выглядае на тое, што пакуль заваяваць рынкі краін “далёкай дугі” ў нас не вельмі атрымліваецца. І тое, што краіны гэтыя замацаваныя за канкрэтнымі чыноўнікамі, не асабліва дапамагае. Паглядзім, што будзе па выніку 2018 года.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі