Вы тут

Качанава выбачылася перад магілёўскімі цыганамі па даручэнні Лукашэнкі

"Мінск-Навіны"

Кіраўніца адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава сустрэлася 23 траўня ў Магілёве з прадстаўнікамі цыганскай дыяспары. Туды яна адправілася па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі, перадае БЕЛТА.

Качанава прынесла прабачэнні цыганскай дыяспары за магчымыя некарэктныя дзеянні сілавікоў у дачыненні да ромаў падчас аперацыі па пошуку забойцаў магілёўскага інспектара ДАІ ў канцы мінулага тыдня.

Інспектар ДАІ з Магілёва Яўген Патаповіч загінуў 16 траўня. Першапачатковай версіяй яго знікнення было выкраданне, здзейсненае трыма цыганамі на чорнай "Волзе". У ноч з 16 на 17 траўня і ўдзень 17 траўня супрацоўнікі міліцыі правялі ў Магілёве і іншых гарадах рэйды, падчас якіх прадстаўнікоў цыганскай дыяспары забіралі ў аддзяленні для допытаў. Многія з іх пасля скардзіліся на жорсткае абыходжанне і збіццё. Пасля высветлілася, што ніякіх цыган-выкрадальнікаў не было. Па версіі Следчага камітэта, інспектар здзейсніў суіцыд, а забойства паспрабаваў інсцэніраваць дзеля выплат сваёй сям'і ад МУС.

Раней сёння міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч заявіў, адказваючы на ​​пытанне карэспандэнта Еўрарадыё ў парламенце, што яму "няма за што прасіць прабачэння перад цыганамі".