Вы тут

Гайдукевіч аб версіі СК пра самагубства: Я веру ў гэтую версію. Але ёсць пытанні

Алег Гайдукевіч / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё

20 траўня Следчы камітэт агучыў асноўную версію смерці ў Магілёве супрацоўніка ДАІ: лейтэнант Яўген Патаповіч здзейсніў самагубства. Першы намеснік старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч заявіў у эфіры Еўрарадыё, што верыць у гэтую версію, але і ў яго засталіся пытанні.

Алег Гайдукевіч: “Я веру ў гэтую версію. Тое, што сёння распавёў Следчы камітэт, гучыць лагічна. Але ёсць пытанні. У мяне пытанне пра штаны. Усё ж такі навошта ён спаліў свае штаны? Можа, у яго парушэнні нейкія псіхічныя. Калі ў яго былі спробы суіцыду ў красавіку, у мяне няма падстаў у гэта не верыць. Як ён выйшаў і хадзіў на працу, калі ў яго былі спробы суіцыду? Дзе начальства было? Дзе камандзір? Чаму не разабраліся з гэтай праблемай? Як разабраліся? А можа разабраліся, але мы не ведаем як?”

У выніку пасля ўсіх дадаткаў да брыфінгу і неафіцыйных каментарыяў прадстаўніцы СК Юліі Ганчаровай усё выглядае так:

Раніцай у дзень самагубства супрацоўнік ДАІ Яўген Патаповіч купіў дровы і вадкасць для распальвання. Завёз гэта ўсё на месца самагубства на сваёй машыне. Вярнуўся. Пераапрануўся ў форму. Аўтастопам даехаў да месца самагубства. Напісаў у вайбере пра выкраданне цыганамі на "Волзе". Зняў чаравікі. Спаліў штаны. Закаваў сябе ў кайданкі і прастрэліў сабе галаву ў такой позе, што кроў патрапіла на пах.

Алег Гайдукевіч упэўнены, што будзе вельмі жорсткае расследаванне таго, што здарылася:

“Жорсткае ў добрым сэнсе слова. Службовая праверка жорсткая. Таму што гэта абуральны выпадак. Трэба разбірацца. Тое, што агучыў Следчы камітэт, гучыць прафесійна. Там жа прааналізаваны кожны крок з моманту выхаду з дома, па сотавых элементах і відэакамерах. Давайце ўсё ж дачакаемся афіцыйнага расследавання, каб зноў не спяшацца з нейкімі высновамі. Часам робім нейкія паспешныя высновы, а потым аказваецца ўсё па-іншаму. Але я сам быў сёння здзіўлены. Натуральна, пытанні ёсць. Я спадзяюся і веру, у нас прафесійнае следства. Яно здолее адказаць на ўсе пытанні".

Аднак варта дачакацца ўсіх экспертыз, дзе будуць агучаныя ўжо канчатковыя вынікі праверкі, і самае галоўнае — каб прадстаўнікі Следчага камітэта паўнавартасна супрацоўнічалі і падавалі ўсю інфармацыю журналістам і СМІ:

“Следчы камітэт сёння даваў папярэднюю ацэнку без экспертызы таго, што рукі закутыя ў кайданкі. Пра нешта можна казаць пасля вынікаў экспертыз. Але на сёння я не бачыў вынікаў экспертыз. Пакуль няма балістычнай экспертызы. А яна пакажа, ці мог ён у такім становішчы страляць. Як ён гэтыя кайданкі змог начапіць. Цяпер самае галоўнае — даваць тую інфармацыю, што магчыма. Каб гэтыя фэйкавыя навіны не замянілі рэальную журналісцкую працу, — лічыць Алег Гайдукевіч. — Вядома, мы чакаем экспертыз. Справа рэзанансная. І цяпер трэба максімальна даваць інфармацыю. Гэта абмяркоўвае ўся краіна. Давайце максімальна інфармацыю. Навошта ён штаны спаліў, як гэта адбывалася, навошта ён паехаў купіў дровы, трэба апытанні праводзіць. Я ведаю адно: супрацоўнікі МУС і Следчага камітэта грызуць зараз зямлю для таго, каб разабрацца ў гэтым злачынстве і адказаць на ўсе пытанні. Гэта справа стаіць зараз на кантролі ў кіраўніка дзяржавы. Выклікала вялікі рэзананс у грамадстве. Уся краіна абмяркоўвала некалькі дзён. Гэта дзіка, калі яшчэ была першая версія, што забілі супрацоўніка МУС.

Я чакаю адказаў. Я перакананы, што ў дадзеным выпадку трэба максімальна хутка, і аператыўна, і поўна даваць інфармацыю журналістам і людзям. Следчаму камітэту трэба больш актыўна працаваць з журналістамі. Я разумею, што таямніца следства, але трэба даваць усё, што магчыма. Для таго, каб не з'яўляліся фэйкавыя навіны”.