Вы тут

Кабанаў: падчас трэцяга ператрусу ў доме Ціханоўскага "знайшлі" $900 тысяч

Сяргей Ціханоўскі / Еўрарадыё

Падчас трэцяга ператрусу ў доме Сяргея Ціханоўскага знайшлі $900 тысяч. Пра гэта паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook каардынатар па Брэсцкай вобласці выбарчай кампаніі патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, блогер Аляксандр Кабанаў. "Пры першых ператрусах гэтых грошай не знайшлі, відаць, брыгады следчых былі нявопытныя, — піша ён. — Але вядома прыехала дасведчаная, пад раніцу, і оп-ля!".

"Трэцяя брыгада следчых знайшла частку грошай у адным месцы, яшчэ частку — у іншым, расказвае Кабанаў svaboda.org са слоў людзей, якія знаходзяцца ў Гомелі на месцы ператрусу. — Гэта не былі нейкія таемныя месцы. Там ужо праводзілі вобшук і раней нічога не знайшлі".

Па словах Аляксандра Кабанава, следчыя брыгады змяняліся, як і панятыя. У доме разам з маці Ціханоўскага ў якасці панятых хацелі прысутнічаць яго сябры і знаёмыя, але ім адмовілі — туды нікога не пускалі. Грошы знайшлі ўначы, дзесьці паміж 1-й і 4-й гадзінамі.

Ператрус у прыватным доме Сяргея Ціханоўскага працягваецца дагэтуль — яшчэ перапісваюць купюры. Таксама следчыя забралі дакументы яго фірмы і пнеўматычнае ружжо.

Сяргей Ціханоўскі быў затрыманы 29 траўня ў Гродне. Ён паспеў заявіць, што адбылася правакацыя. Была распачата крымінальная справа па факце "гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных спраў". Ціханоўскага затрымалі на 10 сутак, ён і іншыя затрыманыя знаходзяцца ў СІЗА № 1 на Валадарскага ў Мінску. Учора прайшлі ператрусы на лецішчы маці Сяргея Ціханоўскага, у яе доме, у яго гомельскай студыі.

Праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітвязнем.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.