"JAZZCPEDA" — запомніце гэта імя!

Бо менавіта фестваль "JAZZCPEDA"— своеасаблівая кропка адліку ў беларускім джазавым жыцці. Першая спроба вынесці джазавыя вечарыны з Графіці на вялікую пляцоўку ператварылася ў феерычнае свята якаснай музыкі і сабрала каля 500 чалавек. Безумоўна, галоўным героем 1-га фестывалю "JAZZCPEDA" стаў Symphonic Drive Orchestra Мінскай дзяржаўнай музычнай вучэльні М.І.Глінкі пад кіраўніцтвам Аляксандра Ліпніцкага.


Стваральнік радыё "Говорящие помидоры" і вядомы аматар джазу Памeдор упэўнены: тыя, хто хадзіў на Джаз-серады ў Графіці ведаюць, што ў фэсце бяруць удзел  толькі годныя музыканты.
Памeдор: "Было пастаяннае адчуванне, што ў Графіці музыкам не хапае пляцоўкі, а тут у іх ёсць такая магчымасць. Абстаноўка цалкам фестывальная, хоць клуб, вядома, дзіўнаваты, і я тут упершыню. Можа быць, гэта стварае такую сюррэалістычную выяву непрысутнасці ў гэтым горадзе і вельмі фестывальнай абстаноўкі".

Памeдор і Ко)
Так, першымі на фестывальную пляцоўку выйшлі музыканты Real Jazz Band. На думку гурта, джаз у Беларусі пачынаецца менавіта з маленькага клуба Графіці.


"І не істотна, што сёння нядзеля, а фестываль называецца "JAZZCPEDA", — распавядае саксафаніст Real Jazz Band Канстанцін Валковіч. — А што такое Джаз-серада ў Графіці? Гэта месца, дзе можна паіграць і павучыцца. Прыходзіць моладзь, глядзіць на музыкантаў-фірмачоў, спрабуе граць, як яны. І гэты фестываль – першая спроба зрабіць што-небудзь клёвае-джазавае".

Наступнымі на сцэне з’явіліся Apple Tea, якія  прадставілі гледачам дзве прэм’еры. Па традыцыі, музыканты папрасілі публіку прапанаваць назву для адной з новых кампазіцый, якую Apple Tea жартам назвалі "перайманнем" YellowJackets.


Другая ж п’еса-прэм’ера атрымала назву "10.10.10".

"Смешная назва, што тут расказаць пра п’есу, – распавядае Ігар Сацэвіч. – Так атрымалася, што ў камп’ютары я захоўваю новыя файлы датай іх нараджэння, а пасля мы ўжо думаем над назвай. Гэта дата мне падалася настолькі ўдалай, што я не стаў больш нічога выдумляць і пакінуў так".


Следам за прэм’ерамі прагучала зусім “свежанькая” кампазіцыя "Rio Breeze". А скончылі свой сэт музыканты аднайменнай кампазіцыяй "Apple Tea".


Калі Apple Tea  — гэта заўжды бясспрэчная якасць і досвед, то наступныя музыканты, якія выйшлі на сцэну, гэта  — запал і новае бачанне джаза. Музыканты Chiefs Band, якія называюць сваю музыку  "бульба-фанкам" — свежая кроў у беларускай джаз-тусоўцы.




Нечаканай імправізацыяй падчас выступу Chiefs Band стала танцавальнае суправаджэнне – перад сцэнай з’явіліся хлопец з дзяўчынай, якія так бадзёра і весела адплясвалі пад бульба-фанк-акорды Chiefs Band, што заставацца на месцах ужо было не магчыма, і хутка пляцоўка пачала запаўняцца танцуючымі парачкамі. На нейкі момант падалося, што мы вярнуліся ў 30-я гады.

Аляксандр Мышкевіч, басіст Chiefs Band: "Гэтая парачка танцораў – арганізатары брэйк-данс фестывалю. І вось калі яны былі ў Амерыцы, аднойчы ўбачылі, як грае сапраўдны джаз-фанкавы бэнд на брэйк-данс фестывалі. Так яны вырашылі запрасіць нас на свае выступы, а на сённяшні дзень мы фанацеем адно ад аднаго. Бачыце, пад гэтую імправізацыю і людзі выйшлі да нас на пляцоўку і пачалі танчыць!!!"



Нарэшце надышоў час хэдлайнераў фестывалю — Symphonic Drive Orchestra Мінскай дзяржаўнай музычнай вучэльні М.І.Глінкі пад кіраўніцтвам Аляксандра Ліпніцкага.

Кропкай адліку сваёй "канцэртнай гісторыі" Symphonic Drive Orchestra лічаць 15 траўня 2002 года. Менавіта тады Аляксандр Ліпніцкі,  музыкант неверагоднай энергіі  і рознабаковага таленту, сабраў свой першы калектыў ў сценах Мінскай музвучэльні  і з’явіўся перад публікай у ролі кіраўніка створанага ім джаз-аркестра.

Symphonic Drive Orchestra і Аляксандр Ліпніцкі

"Што такое паўнавартасны біг-бэнд,— тлумачыць са сцэны Аляксандр Ліпніцкі. — Гэта 5 палкіх саксафонаў, 4 трамбоны, 4 трубачкі і наш касцяк – рытм-група".


Гэты класічны склад біг-бэнда ў Symphonic Drive Orchestra узмацняюць вакалісты і моцная, развітая перкусійная група.


Салістка аркестра Кацярына Худзінец

Праграма, якую прадставіў Аляксандр Ліпніцкі і яго бэнд – гэта ашаламляльны па моцы эмацыйнага ўплыву сапраўдны спектакль: з завязкай, кульмінацыяй і кодай у выглядзе jam sessions.

Прафесійнае выкананне, моцны, класны мікс стыляў і музыкі, яскравыя і выразныя фарбы аркестравага гучання, прыгожых пяшчотных адценняў у празрыстым піана і бэндавае фортэ ва ўсім харастве жывой, дыхаючай імправізацыі і джазавых рытмаў.

Складаны аркестравы джаз успрымалі з  авацыямі. За свінгам Бэні Гудмэна, Symphonic Drive Orchestra  спускаліся у сферу музычнага піана – час балады, час роздуму разам з "I've Got You Under My Skin" з рэпертуару Фрэнка Сінатры. Затым зноў вярталіся да сучасных танцаў і творчасці самага папулярнага на сённяшні дзень бэнд-лідара – Гордана Гудвіна.


Сакрэт поспеху аркестра Аляксандра Ліпніцкага – гэта перш за ўсё унікальная энэргетыка яго кіраўніка і стваральніка. Яна не толькі зараджае музыкантаў, але і перадаецца гледачам. Моцныя фірменныя аранжыроўкі Symphonic Drive Orchestra ствараюць непаўторны стыль гучання. Для сапраўдных аматарў джаза такія канцэрты – мара і канцэнтрат таго, за што яны палюбілі ўтульныя Джазавая серады ў Графіці.

А вось без чаго не можа існаваць сапраўдны клубны джаз – дык гэта jam session! "Джэм"— заўжды непрадказальная з’ява, і ў гэтым яе хараство. Symphonic Drive Orchestra разам з іншымі ўдзельнікамі фестывалю ды запрошанымі гасцямі "паджэмілі" пад трыпціх, прысвечаны памяці Майкла Джэксана.


 Так, на джэме атрымаўся яшчэ адзін паўнавартасны канцэрт! І вакалісты, і музыканты аркестра выдавалі такія моцныя партыі, нібыта і не было папярэдніх 5 гадзін. Зала зноў ажывілася, і ўжо ніхто не мог заставацца абыякавым да таго, што адбывалася на сцэне. Да таго, з якой самааддачай і шчырасцю Symphonic Drive Orchestra узгадваў  караля поп-музыкі.

У гэты момант зала "Мулен Руж", з гасцямі і музыкантамі, з гледачамі і арганізатарамі нагадала мне адзін вялікі дом, дзе на свята сабралося шмат родных і блізкіх адно аднаму людзей. Мне асабіста вельмі хочацца верыць, што ў хуткім часе ў Беларусі з’явіцца фестываль біг-бэндаў, бо справа, якой займаецца таленавіты Аляксандр Ліпніцкі, павінна не толькі расці ў музыкантах аркестра, але і пускаць карані.


З такім меркаваннем пагаджаецца і выкладчыца па класе фартэпьяна адной з Маладзечанскіх гімназій Вольга Малько, якая прыехала на фестываль разам са сваімі вучнямі. Гледзячы па тым, як гарэлі вочы і ў студэнтаў, і ў іх настаўніцы, можна было быць упэўненымі — па дарозе ў Маладзечна пасля фестывалю ім будзе пра што памарыць і падумаць.

Вольга Малько: "Поўны джаз! Атмасфера абсалютна джазавая! Людзі ўсе свае! Такое адчуванне, што тут усе даўно ўсіх ведаюць, усе сябры і быццам бы нават амаль усе музыканты. Проста здорава! І месца для джазу ідэальна падыходзіць, і лепшыя музыканты на сцэне – што тут скажаш. Усё вельмі горача і крута!"


Тое, што робіць Аляксандр Ліпніцкі са сту-дэн-та-мі, падкрэсліваю, па-сапраўднаму могуць зразумець і ацаніць толькі выкладчыкі.

"Гэта такі аб’ём працы! — працягвае Оля, — Але і паглядзіце, якая аддача! Не перадаць на словах! Мае вучні проста прагнуць ТАКОГА выкладчыка, які б з імі ТАК працаваў і так вучыў. Але, на жаль, не ў кожным горадзе ёсць такі чалавек, як Саша. Я і сама атрымала задавальненне ад фестывалю, і у маіх вучняў з’явілася яшчэ больш жадання імкнуцца да такога ўзроўню".


Віноўнік джазавага свята на фестывалі тым часам і сам здзіўлены не менш за гледачоў.

Аляксандр Ліпніцкі: "Я сам ашарашаны тым, як нас сёння прымалі, як адыгралі свою праграму музыканты, гэта было крута! Але самае галоўнае, што гэта любоў і энэргія знутры ішла. І мне падаецца, што паколькі джазавая музыка — вельмі экспрэсіўная, вельмі моцная, драйвовая, то без гэтага, наколькі б прафесійна не ігралі, ніяк нельга абысціся. І сёння я атрымаў сапраўдны кайф, як і усе хлопцы-музыканты і гледачы".

Каб фестываль існаваў і далей, перад арганізатарамі рана ці позна з’явяцца новыя задачы: хутчэй за ўсё, спатрэбяцца спонсары, узнікне пытанне "замежных" гасцей, а выкладчыкам трэба будзе думаць, як выхоўваць годную джазавую змену, падтрымліваць таленты і шукаць новыя імёны. Але тыя, хто гэтым разам прыйшоў на "JAZZCPEDу" упэўнена вераць у тое, што усё атрымаецца.

Памедор: "Так, джаз — не камерцыйная музыка. Але калі ў фестываля ёсць добрае імя, нават вядомыя калектывы прымаюць у ім удзел амаль што бясплатна".

Калі казаць пра тое, якім жа павінен быць гэты самы беларускі джаз-фестываль, перш за ўсё, ён мусіць быць  вельмі энэргетычным, лічыць Аляксандр Ліпніцкі.

Аляксандр Ліпніцкі: "Сёння я ўпершыню бачу такую атмасферу, калі публіка і музыканты знаходзяцца ў магутнейшым джазавым урагане. І калі казаць пра тое, якім павінен быць джазавы фестываль у Беларусі, ён павінен быць зараджаным энэргетычна, і гэтая энергія павінна ісці і ад гледачоў, і ад музыкантаў. Яна павінна сутыкацца з аграменнай сілай!"


"Джазавы фестываль — гэта перш за ўсё музыка, перш за ўсё свінг і добры настрой, як сёння!" — працягвае ідэю стварэння джазавага фэсту Косця Валковіч.

Ігар Сацэвіч
спадзяецца, што галоўным "спонсарам" усё ж такі выступіць дзяржава.

 Ігар Сацэвіч: "Вядома, для сапраўднага фестывалю усё ж такі неабходныя замежныя госці. Але любы пачатак —  істотны. І, спадзяемся, з гэтага сённяшняга фестывалю абавязкова нешта атрымаецца. Спадзяюся таксама, што ў фэста з’явяцца не толькі спонсары, але і дзяржаўная падтрымка. Бо дзіўна асэнсоўваць, што для фестывалю цыганскай музыкі, напрыклад, лягчэй знаходзяцца дзяржаўныя сродкі, чым на падртымку джаза".

Шматлікія, зараз ужо добравядомыя, фестывальныя пляцоўкі выраслі ледзь не са студэнцкіх ініцыятыў. Таму Беларусь зараз на верным шляху, лічыць Аляксандр Мышкевіч, а "JAZZCPEDA" – упэўнены крок наперад у гэтым накірунку.

Аляксандр Мышкевіч: "Джаз-фестываль у Беларусі павінен быць, і павінен быць такім, як сёння! Думаю, з часам нам спатрэбяцца замежныя зоркі. Але з удзелам "заморскіх" гасцей становяцца больш вядомымі і нашы музыканты — іх таксама запрашаюць у іншыя краіны!"

Вядучы фестывалю Ілля Маліноўскі
А каб і наступныя фестывалі джазу мы маглі ўпэўнена ладзіць сваімі музычнымі сіламі, нам перш за ўсё трэба задумацца пра новае пакаленне музыкантаў. Для таго, каб "расціць" джазавых вучняў, мала проста паказваць прыклады якаснай музыкі, лічыць Вольга Малько, неабходна ладзіць адмысловыя конкурсы і канцэрты з удзелам моладзі:

Вольга Малько:
"Я бачу, як у маіх вучняў блішчаць вочы! Яны разумеюць, што яны не настолькі “крутыя” і не столькі яшчэ могуць, але ў іх столькі жадання! Яны загарэліся! Можа быць, варта даваць магчымасць нейкім навучальным установам удзельнічаць у падрыхтоўцы наступных фэстаў, зладзіць конкурсную частку, напрыклад. Ці конкурс для музычных школ, каб гэта рабілі дзеці. Бо нам гэтага вельмі не хапае, вучням няма дзе сябе паказаць. Ну, і, вядома ж, пабольш такіх выкладчыкаў, як Саша Ліпніцкі!"
 
Думаю, што выкажу не толькі асабістае меркаванне, калі скажу, што хочацца шчыра падзякяваць Аляксандру Ліпніцкаму за яго працу і  пакланіцца яго энтузіазму.

А пра тое, як выхоўваць сапраўдных джазавых музыкантаў і як з’яўляюцца джазавыя аранжыроўкі для біг-бэнда, ці адправіцца Symphonic Drive Orchestra Мінскай дзяржаўнай музычнай вучэльні М.І.Глінкі ў гастролі па беларускіх музычных вучэльнях і што музыканты рыхтуюць для новай сольнай праграмы — неўзабаве чытайце ў інтэрв’ю з Аляксандрам Ліпніцкім на Еўрарадыё.

Сэт-ліст Symphonic Drive Orchestra:

1.    Bad Girl
2.    So Emotionale
3.    Crazy Little Thing Called Love
4.    Sway
5.    Candy man
6.    Sing,Sing,Sing!!! (Benny Goodman)
7.    Frank Sinatra
8.    Pink Panther
9.    High Maitenance
10.    Count Bubba
11.    Nutville
12.    Jam-session
13.    Billi Jean
14.    Earth song
15.    Thriller
16.    Jazz…Jazz… і толькі Jazz!!!))


Фота: Зміцер Руцкі
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі