The Jacksons сталі музычнай "іконай"

Знакаміты сямейны квінтэт The Jacksons, у якім пачынаў сваю кар'еру Майкл Джэксан (Michael Jackson), атрымаў узнагароду Icon Award ад Амерыканскай асацыяцыі па абароне аўтарскіх правоў выканаўцаў BMI.  Цырымонія ўзнагароджання адбылася 4 верасня ў Бэвэрлі-Хілз, у Каліфорніі. Званнем «іконы» ганаруюцца артысты і аўтары песень, чыя творчасць аказала «унікальны і непараўнальны ўплыў на наступныя пакаленні музычных аўтараў».

На цырымоніі прысутнічалі Джэкі, Ціта, Марлон і Рэндзі Джэксаны, аднак іх знакаміты брат Майкл так і не з'явіўся ў зале. «Я не ведаю, дзе ён зараз, мусіць, у Егіпце катаецца на вярблюдах», — пажартаваў Марлон.

The Jacksons вядомыя як адзін з самых уплывовых гуртоў у сучаснай поп-музыцы. Іх кар'ера пачалася ў 1966 годзе пад назвай Jackson 5. Яны сталі ўвасабленнем амерыканскай гісторыі поспеху: ім атрымалася пераадолець расавыя забабоны, выпусціць чатыры сінглы, якія паслядоўна ўзначалілі чарты, і стварыць характэрны імідж і саўнд, які і сёння пераймаюць r'n'b і поп-выканаўцы па ўсім свеце.

Падчас цырымоніі Ціта заявіў, што для Джэксанаў «вялікі гонар ведаць, што наша музыка паўплывала на цэлае пакаленне. Мы вельмі ганарымся гэтай узнагародай».

Права ўручыць прэмію Icon Award братам арганізатары даручылі яшчэ адной вядомай прадстаўніцы клана Джэксанаў — Джанэт Джэксан.

Фота: lakecountyismyhome.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі