Вы тут

Ізаляцыя + дыскрэдытацыя: у войску прыдумалі, як перавыхоўваць пратэстоўцаў?

Што чакае ў войску прызыўнікоў з "няправільнай" грамадзянскай пазіцыяй? / Еўрарадыё

Тэлеграм-канал, назву якога можна перавесці на беларускую мову як "Мікалай і Міхаіл", апублікаваў дакумент "Рэкамендацыі службовым асобам злучэнняў і воінскіх часцей па арганізацыі работы з вайскоўцамі, якія прымалі ўдзел у незаконных масавых мерапрыемствах да прызыву ва Узброеныя Сілы". У ім на дзевяці старонках выкладзены парады па перавыхаванні "няправільных" салдат. Аўтары канала сцвярджаюць, што "Рэкамендацыі..." ужо рассылаюць па воінскіх часцях.

Што кажуць у Мінабароны

Леташні восеньскі прызыў праходзіў на фоне масавых пратэстаў. Да вясновага прызыву 2021 года пратэсты сышлі з вуліц. Але да канца траўня яшчэ пэўная колькасць іх удзельнікаў папоўніла шэрагі Узброеных сіл. Пры такіх уводных з'яўленне такога дакумента цалкам лагічнае.

У Мінабароны Еўрарадыё не пацвердзілі, але і не абверглі, што рэкамендацыі па рабоце з удзельнікамі пратэстаў існуюць.

— Усё, што датычыцца інфармацыі, якую неабходна падаць грамадскасці, мы размяшчаем на сваіх афіцыйных пляцоўках. За дакладнасць інфармацыі, размешчанай у тэлеграм-каналах, адказваюць тыя, хто яе размяшчае, — каментуе прэс-сакратар Міністэрства абароны Наталля Гаўрусік.

Неабходна дамагчыся даверу

У "Рэкамендацыях..." гаворыцца, што работа з "пратэставымі" юнакамі не павінна афішавацца: яна вонкава "павінна выглядаць на такім самым узроўні, як і з усімі астатнімі прызыўнікамі". На пачатковым этапе маладых людзей з грамадзянскай пазіцыяй, якая адрозніваецца ад афіцыйнай дзяржаўнай, рэкамендуюць правяраць ва ўсім, аж да зносін з бацькамі і маніторынгу актыўнасці прызыўнікоў у сацсетках.

Таксама ідэолагі раяць высветліць асабістае стаўленне вайскоўца "да сімволікі пратэстаў — так званага БЧБ-сцяга". А адпраўляць служыць "не такіх" прызыўнікоў рэкамендуюць у падраздзяленні, "якія пераважна займаюцца інтэнсіўнай баявой падрыхтоўкай, з высокім узроўнем арганізаванасці і правапарадку".

Ісці на канфлікт з БЧБ-прызыўнікамі камандзірам не рэкамендуюць. Працаваць з маладымі людзьмі прапануецца выключна на аснове воінскіх статутаў, таму што любая грубасць і хамства з боку камандзіраў і начальнікаў "можа пацягнуць зварот у пракуратуру, апеляванне да СМІ і так званых праваабаронцаў. На першым этапе — толькі добразычлівасць, імкненне выслухаць суразмоўніка. Неабходна дамагчыся даверу вайскоўца".

Калі прызыўнік не здаецца, яго дыскрэдытуюць

Згодна з дакументам, калі першы этап пройдзены, трэба пачаць ідэалагічную апрацоўку прызыўніка, "накіраваную на змену палітычных поглядаў і перакананняў вайскоўца". А калі малады чалавек дрэнна паддаецца прапагандзе, рэкамендуецца арганізаваць узмоцнены і бесперапынны — у тым ліку схаваны — кантроль за дзейнасцю вайскоўца, каб перакрыць каналы перадачы інфармацыі ад "пратэставых структур".

Наступны этап прадугледжвае масіраванае псіхалагічнае і ідэалагічнае ўздзеянне — і аўтары "Рэкамендацый..." гэтага не хаваюць. Для надання пераканаўчасці інфармацыі, "якая выкарыстоўваецца ў ходзе інфармацыйна-прапагандысцкага ўздзеяння на негатыўна настроенага вайскоўца", хочуць выкарыстоўваць псіхалагічныя эфекты, такія як "эфект першаснасці", "эфект аўтарытэту", "эфект паўтарэння", "эфект ускладання адказнасці". Адзначаецца, што гэтая работа патрабуе ад вайсковых псіхолагаў "ювелірнай дакладнасці".

Калі і пасля гэтага ўздзеяння "пратэставы" салдат не перавыхоўваецца, то афіцэры падраздзяленняў павінны садзейнічаць "усялякай [яго] дыскрэдытацыі і супрацьдзеянню стварэнню [яго] аўтарытэту". Для гэтага аўтары дакумента рэкамендуюць "сацыяльную ізаляцыю, фармаванне ў вайсковым калектыве негатыўнага стаўлення да яго з боку таварышаў па службе" і як вынік — "стварэнне адмоўнага вобразу". У выпадку неабходнасці камандзірам даюць дабро на стварэнне "такой сітуацыі, з якой вайсковец не зможа выйсці без шкоды свайму аўтарытэту".

Ці трэба казаць, што мэтанакіраванае цкаванне ў воінскім калектыве можа прывесці прызыўніка да суіцыдальных думак? Апошнія пункты выклікаюць сумневы калі не ў сапраўднасці дакумента, то як мінімум у тым, што ён ужо прыняты да выкарыстання.

Дэструктыўная роля праціўнікаў улады

Вайскоўцы ў ланцугу ля стэлы "Мінск — горад-герой" / Еўрарадыё

Некалькі абзацаў дакумента прысвечаны афіцэрам, якія будуць займацца перавыхаваннем "пратэставых" прызыўнікоў. Яны павінны "добра арыентавацца ў палітычнай і эканамічнай абстаноўцы... гісторыі Вялікага Княства Літоўскага... гісторыі БССР... дзейнасці беларускай калабарацыі ў гады ВАВ". Ну а як яшчэ? Непажадана, каб салдат аказаўся больш дасведчаным і эрудзіраваным за афіцэра.

Зразумець, у які бок хочуць перавыхаваць маладога чалавека, можна з наступнай фразы: "У часцях і падраздзяленнях мэтазгодна праводзіць работу, накіраваную на тлумачэнне вайскоўцам дэструктыўнай ролі ў грамадстве праціўнікаў дзейнай улады, антынароднай палітыкі, якая праводзіцца імі і накіраваная на развал дзяржавы дзеля асабістых амбіцый".

Калі салдат перавыхоўваецца і ў яго з'яўляецца "адданасць дзяржаўным ідэалам", гэты факт рэкамендуюць асвятляць у СМІ і ставіць раскаянага ў прыклад іншым салдатам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.