Вы тут

Іван Ургант пажартаваў з нагоды забароны ў Беларусі прадукцыі Nivea

На думку Урганта, хутка можна будзе лёгка вызначыць, у каго засталіся запасы касметыкі / Скрыншот​

Шоумен Іван Ургант напярэдадні пракаментаваў забарону беларускіх улад на продаж прадукцыі гандлёвай маркі Nivea

"Улады Беларусі забаранілі ("забаранілі" — нечаканае слова для ўлад Беларусі) увоз часткі прадукцыі нямецкай касметычнай кампаніі, якая адмовілася спансіраваць чэмпіянат свету па хакеі, што павінен быў прайсці ў Мінску і Рызе", — увёў у курс справы расійскіх тэлегледачоў Іван Ургант.

Пасля гэтага ён нагадаў, што ў кампаніі ёсць мужчынская лінейка, у тым ліку касметычныя сродкі для і пасля галення. У гэтай сувязі, сказаў Ургант, можна ўявіць, як будуць выглядаць беларускія мужчыны праз некаторы час. І галоўнае, цяпер лёгка можна будзе здагадацца "у каго ў Беларусі засталіся запасы старой касметыкі, а ў каго — не".

Для ілюстрацыі ён выкарыстаў крыху апрацаваны фотаздымак Аляксандра Лукашэнкі з сынамі і чыноўнікамі. Ва ўсіх, акрамя Лукашэнкі-старэйшага, майстры фоташопу "нарасцілі" бароды.

Аб увядзенні часовай забароны на ўвоз і продаж асобных тавараў Nivea стала вядома ў аўторак 13 красавіка. Рашэнне было аформлена праз пастанову галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача. Такі крок патлумачылі парушэннямі: нейкія сродкі прадаваліся без дакументаў, якія сведчаць пра якасць і бяспеку, недзе гандлявалі пратэрмінаванай прадукцыяй фірмы.

Варта адзначыць, што ў студзені 2021-га кампанія Nivea адмовілася спансіраваць чэмпіянат свету па хакеі, калі ён пройдзе ў Беларусі. У кампаніі патлумачылі гэты крок нежаданнем падтрымліваць дыскрымінацыю і гвалт. Адмова буйных спонсараў у выніку паўплывала на рашэнне чыноўнікаў Міжнароднай федэрацыі хакея перанесці турнір з Мінска.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.