Ірына Халіп: Гэта ўжо не прафесія, гэта жыццё

111123 HalipS.mp3

Еўрарадыё: Вы працавалі і ў “Советской Белоруссии”, і ў “Белорусской деловой газете” і ў газеце “Імя”. Зараз вы працуеце ў расійскай “Новой газете”. Больш за 20 год вы з’яўляецеся журналісткай. Ці былі небяспечныя моманты ў вашай працы, ці пагражалі вам калі-небудзь?


Ірына Халіп: Зараз мне здаецца, што пагражалі заўсёды, пачынаючы, напэўна, з працы ў газеце “Імя”, якая, дарэчы, таксама была закрытая ўладамі, і заканчваючы цяперашнім маім станам. Я маю на ўвазе судовы прысуд. Нават калі я не буду выступаць на мітынгу, а проста як журналіст з’яўлюся ў тым месцы, дзе праходзіць несанкцыянаваная акцыя, гэта дастатковая падстава, каб адправіць мяне ў турму.

Я магу прыгадаць расследаванне справы Эмануіла Зэльцэра, калі пагрозы мне прыходзілі і па электроннай пошце, і па тэлефоне, і нават тэлеграмы дасылалі: “Калі не шкадуеш сябе, пашкадуй хаця б свайго сына”. Мне здаецца, я прызвычаілася. Калі я адкрываю паштовую скрыню, я думаю – ці гэта ліст ад мужа з турмы, ці чарговая ўлётка з пагрозай.

Еўрарадыё: А калі вы працавалі ў газеце “Советская Белоруссия”, таксама былі пагрозы?


Ірына Халіп: Трэба ўзгадаць, што “СБ” таго часу – гэта газета, якая акурат рыхтавалася да таго, каб стаць акцыянерным таварыствам. Супрацоўнікі павінны былі стаць акцыянерамі і жыць па камерцыйных законах. Гэта быў 1994 год, новая незалежная прэса, і “СБ” да гэтага рыхтавалася. Тагачасны галоўны рэдактар Ігар Асінскі падрыхтаваў пакет дакументаў. І тут да нас прыйшлі людзі з адміністрацыі і сказалі, што гэта будзе газета Адміністрацыі прэзідэнта. Калектыў не пагадзіўся, і пасля таго галоўны рэдактар быў зняты загадам Лукашэнкі. Для мяне гэта быў сігнал, што трэба сыходзіць.

Еўрарадыё: Зараз вы працуеце ўласным карэспандэнтам “Новой газеты” ў Беларусі. Дзе больш небяспечна быць журналістам – у нас ці ў Расіі?


Ірына Халіп: Небяспечна быць журналістам і ў Расіі, і ў Беларусі. Я працую ў “Новой газете”, дзе працавала Ганна Паліткоўская. У 2006 годзе яе проста забілі ў пад’ездзе. Гэта газета, у якой працаваў Ігар Домнікаў, якога таксама забілі, і гэтае забойства дагэтуль не раскрыта. Там працаваў Юрый Шчакачыхін, чыя смерць вельмі загадкавая. Працаваць журналістам небяспечна паўсюль. На постсавецкай прасторы гэта паўсюдная з’ява.

Але мяне часам здзіўляе іншае. Калі я бачу што мае калегі з “Новой газеты”, апазіцыйныя журналісты да расійскай улады, абсалютна спакойна кантактуюць з афіцыйнымі ўладамі, з прэсслужбамі, яны маюць права і выкарыстоўваюць сваё права атрымліваць інфармацыю. Ад іх не бегаюць і іх не палохаюцца чыноўнікі так, як баяцца незалежных журналістаў тут. Тут у Беларусі незалежны журналіст увогуле афіцыйна атрымаць нейкую інфармацыю не можа, калі, вядома гэта не датычыць падрыхтоўкі напрыклад да сяўбы ці дажынак.

Еўрарадыё: Ці ёсць у вас усведамленне таго, што гэта досыць небяспечная прафесія і чаму вы займаецеся менавіта такой журналістыкай?


Ірына Халіп: Пасля СІЗА КДБ, пасля ўсіх пагрозаў, пасля прысуду, пасля таго, як мой муж апынуўся ў турме… што тут усведамляць. Так здарылася. Магчыма, гэта быў не зусім свядомы выбар шмат гадоў таму, але зараз гэта ўжо не прафесія, гэта ўжо жыццё.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі