Інфармацыя пра закрыццё амбасады ў Мінску не была беспадстаўнай

Дзярждэпартамент ЗША адмаўляе сваё дачыненне да з’яўлення ўчора ўвечары інфармацыі пра закрыццё амерыканскай амбасады ў Мінску. Аднак намеснік дзяржсакратара ЗША па пытаннях Еўропы і Еўразіі Дэвід Меркель распавёў у экслюзіўным інтэрв’ю Еўрарадыё, што беларусам далі рэальна зразумець магчымыя дзеянні ЗША і іх суворасць: “Я не ведаю, што выклікала гэтае непаразуменне. Але справа ў тым, што беларусам далі зразумець суворасць такога кроку, рэальную магчымасць нашых дзеянняў і нашага адказу. Я б не хацеў спекуляваць гісторыяй з інфармацыяй пра закрыццё амбасады. Але зазначу, што рэакцыя ад нас усё ж такі будзе. Мы пакуль чакаем”.

Нагадаем, увечары 1 траўня ў інтэрнэце з’явілася інфармацыя са спасылкай на Associated Press і невядомыя крыніцы ў Дзярждэпартаменце ЗША пра закрыццё амерыканскай амбасады ў Мінску. Таксама там паведамлялася, што ЗША запатрабавалі ад Беларусі спыніць працу пасольства ў Вашынгтоне і консульства ў Нью-Ёрку. Праз некаторы час Дзярждэп абвергнуў інфармацыю.

Аднак навіны не з’яўляюцца проста так, лічаць палітолагі. Па словах Віктара Чарнова, хутчэй за ўсё, пашырэнне канфлікту камусьці выгаднае:

“Па ўсім відаць, хтосьці зацікаўлены ў напружанасці, у росце напружанай сітуацыі”.

Палітолаг лічыць, што закрыццё амерыканскай амбасады можа яшчэ больш пагоршыць і без таго дрэнную сітуацыю:

Віктар Чарноў: “Гэта вельмі значна ўскладніць магчымасць для Лукашэнкі прарвацца на еўрапейскую прастору, то бок, стаць больш-менш рэспектабельнай краінай у вачах еўрапейскай супольнасці”.

А вось палітолаг Юрый Шаўцоў лічыць канфлікт надуманым, маўляў, у Амерыкі і без таго шмат больш значных праблемаў. Аднак калі пафантазаваць, сітуацыя можа прывесці да ўводу расійскай ядзернай зброі ў Беларусь.

Юрый Шаўцоў: “Я думаю, будзе нязручна атрымліваць амерыканскія візы. І ўсё. Але калі фантазаваць, толькі фантазаваць, напрыклад, калі б нехта ў Амерыцы хацеў бы зараз абвастрыць сітуацыю на ўсходняй мяжы Еўрапейскага саюза, калі на такой падставе будзе паглыбляцца крыза, я думаю ўсё можа скончыцца ўводам на тэрыторыю Беларусі расійскай ядзернай зброі”.

Палітолаг Раман Якаўлеўскі таксама лічыць, што інфармацыя з’явілася не проста так. Магчыма, Амерыка і праўда збіралася закрыць амбасаду, але потым перадумала.

Раман Якаўлеўскі: “Я думаю, у ЗША было некалькі пунктаў гледжання на тое, што зараз адбываецца ў Мінску вакол іх амбасады. І відаць, у апошнюю хвіліну амерыканцы вырашылі крыху пачакаць”.

На думку спадара Якаўлеўскага, у выпадку закрыцця амбасады ЗША, іх прадстаўніком у Беларусі выступіць польскае пасольства. А вось калі закрыюць беларускую амбасаду ў Вашынгтоне, лічыць палітолаг, нічога не зменіцца:

Раман Якаўлеўскі: “Я не думаю, што беларускі амбасадар Хвастоў быў надта загружаны працай у Вашынгтоне”.

У любым разе, хто б ні з’яўляўся распаўсюднікам інфармацыі, яна пайшла на карысць Дзярждэпу ЗША, лічаць там, бо дала зразумець беларусам, што закрыццё амбасады можа быць рэальным крокам Амерыкі.

Фота AFP

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі