Імпартныя таблеткі беларусам давядзецца выпрошваць

Замежныя лекі цалкам не забароняць, але каб іх атрымаць, трэба будзе дамаўляцца з паліклінікай і аптэкай
Міністэрства аховы здароўя раіць медустановам аддаваць перавагу айчыннаму вытворцу. У апошняй рэкамендацыі, ад 25 ліпеня, чыноўнікі нават заклікаюць прыняць дадатковыя захады, каб беларусы не куплялі замежныя лекі.


Еўрарадыё вырашыла праверыць, ці сапраўды ў аптэках можна будзе купіць толькі беларускае.

Высветлілася, што аптэкары маюць абавязак у першую чаргу прапанаваць вам айчынны прэпарат. Замежны ж прададуць толькі, калі папрасіць самому, кажуць у сталічнай аптэцы №16:

Супрацоўніца Аптэкі №16:
"Стараемся спачатку беларускае, а калі чалавек ужо сам хоча даражэй, то купляе імпартнае, што ён сам хоча браць. Па льготах, там ужо ідуць у асноўным беларускія прэпараты. А за грошы, калі ласка, бярыце імпартныя".

Прапісваць беларускае павінны таксама і лекары. Атрымаць рэцэпт на замежны прэпарат можна толькі, калі айчынны ўжо не дапамагае або ў вас на яго алергія. Кожны такі выпадак лекар мусіць дадаткова тлумачыць у карце, паведаміла нам намеснік галоўнага ўрача 3-й сталічнай паліклінікі Галіна Краўчук:

Галіна Краўчук: “Абмежаванні ёсць. Менш выпісваецца замежных прэпаратаў чым раней, але калі чалавеку гэта неабходна, ён усё ж атрымае”.

Праўда, імпартныя лекі ад гэтага менш папулярнымі не сталі. Замежным брэндам людзі ўсё роўна давяраюць больш, кажуць у мінскай аптэцы №24:

Супрацоўніца Аптэкі №24: “Глядзяць на якасць. У нас добра ідуць гіпатэнзіўныя прэпараты (імпартныя- ЕРБ). Беларускія аналагі ўвогуле амаль ніхто не купляе. Яны ў нас ляжаць толькі для падтрымкі асартыменту. Часцей за ўсё купляюць менавіта імпартныя”.

А вось айчынныя вытворцы лекаў не разумеюць, чаму пакупнікі аддаюць перавагу замежным. Па словах галоўнага інжынера прадпрыемства “Мінскінтэркапс” Ігара Ладуцькі, беларускія прэпараты саступаюць імпартным толькі па прыгажосці ўпаковак. Якасць саміх лекаў нічым не горш, а цана значна ніжэй.

Таму ўвоз імпартных прэпаратаў можна і забараніць. Айчынныя вытворцы толькі тады пачуюць сябе лепш. А так ніякай падтрымкі чыноўнікаў яны не адчулі:

Ігар Ладуцька: “Імпартныя аналагі як былі ў Беларусі, так і ляжаць. А на дадзены момант нас гэта не турбуе, мы працуем і іншых цэнавых дыяпазонах. Калі забароняць увоз, то гэта, вядома, павялічыла б нашы продажы. Нам абсалютна ўсё адно, дапамагаюць нам ці не, мы разлічваем на свае сілы”.

Аднак забараніць увозіць імпартныя лекі не так проста. Перад усім, па словах Ігара Ладуцькі ,у гэтым не зацікаўлены самі чыноўнікі. Забараніўшы замежныя прэпараты, яны згубяць вялікія грошы:

Ігар Ладуцька: “Вы думаеце Міністэрству аховы здароўя не цікава закупляць імпартныя лекі? Ім вельмі хочацца мець замежныя кантракты. Бюджэтныя грошы выдзяляюцца, Міністэрства аховы здароўя імі пачынае распараджацца: што закупляць, у каго. А калі ў іх грошай не будзе, а толькі ў нас будуць купляць, то гэта ж нецікава”.

Фота: www.nsad.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі