Вы тут

Ільгот няма — толькі вушы: ліквідатар — пра несправядлівасць, з якой сутыкнуўся

Ліквідатары наступстваў аварыі на ЧАЭС каля помніка ў Рэчыцы / з асабістага архіва Васіля Гулая

26 красавіка 67-гадовы Васіль Гулай — экс-матарыст цэментавальнага агрэгата — традыцыйна прыйдзе да помніка ліквідатарам аварыі на Чарнобыльскай АЭС у Рэчыцы. Разам з калегамі па тампанажнай канторы "Беларусьнафты", якія праз два тыдні пасля аварыі прыехалі ў Чарнобыль умацаваць цэментам рэактар, які выбухнуў (каб ён не пайшоў пад зямлю), ён успамінае 1986 год і таварышаў, якіх ужо няма ў жывых.

На помніку, дзе пералічаныя імёны ліквідатараў і намаляваныя верталёт і пажарная машына, не хапае цэментавальнага агрэгата, упэўнены Васіль Максімавіч.

"Нас жа там было не восем, а восемдзесят! А так нібыта і не было, — бядуе ліквідатар. — А наогул збіраемся, успамінаем. Нас ніколі не паказваюць у фільмах. Хоць у Беларусі толькі адна такая арганізацыя".

Васіль Гулай быў у Чарнобылі двойчы — у траўні і кастрычніку 86-га. Другі раз задачай тампанажнікаў было прабурыць двухкіламетровую свідравіну, у якую пасля мыцця будынкаў зліваўся спецраствор.

"А потым мне даводзілі, што ўсё, што я рабіў, не было звязана з непасрэднай ліквідацыяй наступстваў. Я чатыры гады адстойваў сваё права на пенсію ў 50 гадоў! Потым, як толькі дазволілі прыватызаваць бясплатна кватэры, — адразу гэтым скарыстаўся",расказваў Еўрарадыё Васіль Гулай пяць гадоў таму.

Сустрэча ліквідатараў у Рэчыцы ў 2013 годзе. На такіх агрэгатах у 1986 годзе яны працавалі каля галоўнага ўвахода ў ЧАЭС / з асабістага архіва Васіля Гулая

Ільготы — бясплатныя лекі, пуцёўкі ў санаторыі, праезд у грамадскім транспарце — у ліквідатараў-неінвалідаў Чарнобыля забралі ў 2007 годзе. У 2012-м іх пазбавілі статусу ліквідатара, прыраўнялі да звычайных пацярпелых ад катастрофы на ЧАЭС. Пакінулі толькі магчымасць схадзіць без чаргі да доктара (а як ісці, калі перад табой сядзіць 90-гадовая бабуля?) і "чарнобыльскую" дабаўку да пенсіі — 25 рублёў.

У 2010 годзе Васіль Гулай і яшчэ 30 былых тампанажнікаў напісалі ліст Лукашэнку з просьбай вярнуць ільготы. У 2020–2021 гадах — яшчэ чатыры лісты з тым жа патрабаваннем:

"Можна сказаць, цэлая кніга напісана, але ні ў які бок не рухаецца. Нас з 80 засталася чвэрць. З 31 чалавека, якія ў 2010 годзе пісалі Лукашэнку, — траціна. Колькі трэба, каб нас не стала, каб нам вярнулі тое, што ён [Лукашэнка. — Еўрарадыё] абяцаў, — ён жа абяцаў! Атрымліваецца, што мы не маем ільгот, а маем толькі вушы — слухаем, як пра нас клапоцяцца, як нас успамінаюць адзін раз на год. Усё".

Урывак аднаго з апошніх лістоў Лукашэнку ад ліквідатараў

Не атрымаўшы адказаў на лісты, ліквідатары вырашылі паўплываць на беларускага кіраўніка праз яго сябра — Нурсултана Назарбаева. Маўляў, будзе ў іх сустрэча, а Нурсултан і ўспомніць пра ліст на 18 аркушаў, куды прыкладзеныя ўсе звароты ліквідатараў і адказы на іх.

"Як так — ні адна краіна, нават капіталістычная, гэтыя льготы не прыбрала. Не кажучы ўжо пра постсавецкія краіны. Тыя, хто выйшаў з зоны ўплыву Расіі, — і тыя не забралі. А мы нібыта жывём згодна з тэлевізарам лепш за ўсіх і засталіся без ільгот", — абураецца Васіль Гулай.

На ягоную думку, вярнуць ільготы ліквідатарам аварыі на ЧАЭС — справядліва. Але самае галоўнае — трэба застрахаваць здароўе тых, хто яшчэ жывы.

"Каб у чалавека быў доступ да нармальных медыкаў і да нармальнага абсталявання, а не фельчар павінен кудысьці пасылаць... Не ўсе ўмеюць дамагацца, — кажа Васіль Максімавіч. — А ў ліквідатараў павінна быць права падлячыцца. Бо многія памерлі толькі праз тое, што ніхто імі не займаўся. Яны не ведалі ні бясплатных лекаў, не ведалі, як выйсці з гэтага становішча. Зразумела, частка памерла з іншых прычын. А частку не трэба было нават пускаць туды. Нас перад адпраўкай павінны былі праверыць медыкі. А мы проста селі і паехалі, як на працу. А праца ж была не звычайная. Калі мы туды прыехалі, нам далі ёдзістыя таблеткі, а там навокал быў ёд. З таго часу як сарваўся ціск — мне было тады 32 гады, — так я з гэтым ціскам і змагаюся, як магу".

Сустрэча ліквідатараў у 2011 годзе. З 14 тампанажнікаў на фота васьмі ўжо няма ў жывых / з асабістага архіва Васіля Гулая

Акрамя напісання лістоў і барацьбы за вяртанне ліквідатарам ільгот, Васіль Гулай "працуе дзедам".

"У мяне чацвёра ўнукаў. Гэта бясплатная, стратная праца. Але я лепшай працы яшчэ не бачыў, — смяецца былы тампанажнік. — Унукі ведаюць, што я ліквідатар. Я ім і помнік паказваў, і значок ліквідатара. Адно дрэнна, што цяперашнія дзеці бачаць вось такое стаўленне да ліквідатараў. Тады з васьмідзесяці ні адзін чалавек не ўцёк, ніхто не вільнуў. І ніхто не думаў пра льготы — ехалі і ехалі. А цяпер, гледзячы, як Лукашэнка ставіцца да нас, калі крый божа нешта здарыцца ўжо на нашай АЭС, падумаюць, а ці трэба быць патрыётам".

Мэтазгоднасць запуску Беларускай АЭС экс-тампанажнік каментаваць не бярэцца — маўляў, пакуль складана сказаць, навошта і каму яна патрэбная. А вось гісторыя з пандэміяй каранавіруса яму нешта нагадвае:

"Гэту паніку я бачыў у 86 годзе адзін да аднаго. Дакладна так людзі шарахаліся ад парушынкі. Тады адзінае можна было ўцячы са слабымі нервамі. А цяпер куды бегчы — усюды гэта зараза?! Трэба засцерагацца. Сказалі надзець павязкі, ну надзень: дапаможа — не дапаможа, але не пашкодзіць".

Васіль Гулай ускладае кветкі да помніка ліквідатарам аварыі на ЧАЭС у Рэчыцы / з асабістага архіва

Па інфармацыі Васіля Максімавіча, на трыццаціпяцігоддзе з дня трагедыі на ЧАЭС Лукашэнка паедзе ў Брагін. Гулаю таксама прапаноўвалі туды з'ездзіць.

"Я адмовіўся. Стаяць там у задніх шэрагах, дзе ты не можаш нічога сказаць... А яно так і будзе. Нецікава. Хоць у кожным лісце я прашу з ім сустрэчы, — кажа тампанажнік. — 26-га пойдзем да помніка, а там вырашым. Пасядзім — паўспамінаем ці то ў кавярні, ці то на траўцы. Усё залежыць ад настрою, надвор'я і ад таго, хто будзе".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.