Ігар Ляшчэня: засталося зачысціць абрэвіятуру БЧБ

Ігар Ляшчэня: засталося зачысціць абрэвіятуру БЧБ

Былы дыпламат Ігар Ляшчэня выказаўся ў падтрымку нацыянальнага белчырвона-белага сцяга, які Генпракуратура рыхтуецца прызнаць экстрэмісцкім. 

Як распавядала Еўрарадыё, у Генпракуратуру прыйшоў ліст, пад якім падпісалася больш за 100 чалавек. Яны патрабуюць прызнаць бел-чырвона-белы сцяг экстрэмісцкім і спасылаюцца на тое, што ў час Другой сусветнай вайны яго выкарыстоўвалі калабаранты.

У адказ у інтэрнэце з'явілася петыцыя ў абарону нацыянальнага сцяга. Пад ёй за двое сутак падпісаліся ўжо больш за 70 тысяч чалавек.

"Няма такой еўрапейскай дзяржавы, чый гістарычны або заснаваны на гістарычнай сімволіцы дзяржаўны сцяг у перыяд акупацыі ў гады Другой сусветнай вайны не выкарыстоўваўся б памагатымі фашыстаў.

І ніхто, у тым ліку Расія, ад свайго цяперашняга дзяржаўнага сцяга з гэтай прычыны не адмовіўся.

Пра гэта ўжо напісана процьма доказных артыкулаў і пастоў. І каб не разумець гэтага, трэба вельмі захацець, прывязаўшы сябе да дзяржаўных тэлепраграмаў.

Колеры нацыянальнага "белага-чырвонага-белага" (БЧБ) сцяга — гэта колеры гістарычнага герба ВКЛ "Пагоня", які ў 2010 годзе быў унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь", — піша Ляшчэня ў адказ на ініцыятыву Генпракуратуры.

Таксама ён звяртае ўвагу, што высокапастаўленыя чыноўнікі перайшлі на ваенную лексіку пры апісанні беларускай сітуацыі: "Вы заўважылі, што на ваенную лексіку перайшла Н.І.Качанава: "Горад ўжо зачысцілі, і добра зачысцілі"? "Зачыстка" — гэта тэрмін з лексікі сілавых (ваенных) аперацый".

З іроніяй экс-дыпламат прапануе чыноўнікам забараніць для выкарыстання і абрэвіятуру БЧБ. Прычым і па-беларуску, і па-руску — у нас жа афіцыйнае дзвюхмоўе.

"Праўда, тады апынуцца па-за законам мае котка і сабака. Бо ў рускамоўнай версіі яны таксама-БЧБ: бел-чорна-белыя", — дадае Ляшчэня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі