Ідзе звычайная прафілактыка? Што адбываецца з адром у Салігорску

Ідзе звычайная прафілактыка? Што адбываецца з адром у Салігорску

Жыхароў Салігорска працягваюць правяраць на адзёр: працоўных прадпрыемстваў запрашаюць прайсці медагляд. У паліклініках каля кабінетаў вялікія чэргі, на дзвярах медычных устаноў вісяць аб’явы пра эпідэмічную сітуацыю ў горадзе. Тым часам у Мінздароўя кажуць, што праблем ніякіх і не было. Што ж адбываецца ў Салігорску?

У паліклініцы № 2 Салігорска Еўрарадыё распавялі, што ідзе звычайная прафілактыка, таму аддзяленні ўстановы размежавалі.

“Санстанцыя даслала прадпісанне падзяліць здаровыя і хворыя патокі, каб прадухіліць распаўсюджванне інфекцыі, — кажуць у паліклініцы. — Нам даслалі ліст. Мы выконваем распараджэнне эпідэміёлагаў. У нас толькі адзін пацыент [хворы на адзёр. — Еўрарадыё]”.

Галоўны ўрач “Салігорскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі” Ірына Леўшына запэўніла Еўрарадыё, што складанай сітуацыі з адром у горадзе няма.

Прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун патлумачыла Еўрарадыё, што ніякіх праблем з адром у Салігорску і не было.  

“На сённяшні дзень ужо ўсе пытанні знятыя, — кажа Юлія Барадун. — Праблем ніякіх і не было. Проста ў Салігорску (як і ў іншых гарадах Беларусі) паліклінікі наведваюць як пацыенты, якія захварэлі, так і тыя, хто праходзіць дыспансерызацыю. Гэта значыць, наведваюць урача для прафілактычнага агляду.

На мінулым тыдні ў адной з паліклінік горада быў выяўлены выпадак адру. У сувязі з гэтым было вызначана кола асоб, якія кантактавалі з хворым. Было прынятае рашэнне падзяліць патокі, каб не ставіць пад магчымую інфекцыю людзей”.    

Як паведамляла Еўрарадыё, інфармацыя пра адзёр у Салігорску з’явілася два тыдні таму. У сацыяльных сетках мясцовыя жыхары распавядалі пра вялікія чэргі ў паліклінікі. Вызначыць дакладна, адкуль вірус трапіў у Салігорск, немагчыма. Верагодна, хваробу завезла салігарчанка, якая нядаўна прыехала з Украіны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі