Ідэальны беларускі целаахоўнік павінен насіць вусы?

Хто спіць спакайней — Александар Лукашэнка ці Віктар Юшчанка — вырашаецца зараз  у Ялце. На базе летніку “Артэк” і аэрапорту “Бельбек” адбываюцца Міжнародныя спаборніцтвы “Целаахоўнік-2009”. Фаварыты турніру — каманды ўкраінскіх і беларускіх бодыгардаў. Сярод удзельнікаў усіх 24 камандаў прэс-сакратар Упраўлення дзяржабароны Ўкраіны Віталь Закрэўскі найперш вылучае менавіта паўночных суседзяў. Спецыяліст упэўнены, што ахоўнікі з Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі маюць рэальны шанец на перамогу ў спаборніцтвах:

Віталь Закрэўскі: “Беларусы заўжды — ад самага пачатку — нашыя найвялікшыя канкурэнты. Лукашэнка найбольш падтрымлівае ахоўнікаў дзяржаўных. Беларуская ахова вельмі моцная. Беларусы былі найлепшыя ў суправаджэнні vip-персоны — яны былі найлепшыя і найпрыгажэйшыя. Калі яны будуць першыя ў стральбе, то на апошнім этапе выходзяць нароўні з украінскай зборнай. І апошні этап будзе самы цяжкі і самы важны. Калі і там яны будуць найлепшыя паводле часу ў выкрыцці мініраванняў, то тады, я перакананы, яны зоймуць першае месца”.

Апроч беларусаў ды ўкраінцаў гонар сваіх краін бароняць супрацоўнікі ахоўных службаў з Расіі, Малдовы, Грузіі ды Балгарыі. "Разыначкай" сёлетняга турніру стаўся ўдзел у ім адразу дзвюх жаночых камандаў — “Тытан-2” з Кіеву і зборнай каманды СНД.

Акрамя выдатных прафесійных навыкаў ахоўнікі беларускага прэзідэнта прадэманстравалі і непрабіўную маўклівасць, адмаўляючыся ад якіх-колечы кантактаў з прэсай. Аднак, на думку Віталя Закрэўскага, сапраўдны бодыгард зусім не абавязкова павінен нагадваць каменнага балвана.

Віталь Закрэўскі: “Калі ты працуеш з чалавекам, то павінен яго капіяваць, нават у манеры размаўляць — каб чалавек табе давяраў. Таму целаахоўнікі павінны рабіць усё, каб асоба, якая знаходзіцца пад аховай, адчувала сябе з імі камфортна. Целаахоўнік — гэта чалавек, які прысутнічае ў асабістым жыцці таго, каго ён ахоўвае, і вымагае ад апошняга даверу”.

Звычкі, манера размовы  і нават вонкавае падабенства паміж целаахоўнікам і ягоным падапечным — абавязковыя патрабаванні да бодыгардаў найвышэйшага класу. Магчыма, ужо ў наступным годзе ў Ялце гонар нашай краіны будуць адстойваць выключна вусатыя дзецюкі. А ўсцешаныя журналісты, нарэшце, пачуюць гэткі непаўторны і мілагучны беларускі акцэнт.


Фота — ohorona.at.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі