"І не на такое пагодзішся": жыхар Маладзечна распавёў пра слёзы ў пастарунку

"І не на такое пагодзішся": жыхар Маладзечна распавёў пра слёзы ў пастарунку

7 ліпеня сайт МУС апублікаваў відэа, на якім мужчына прызнаецца ў здзяйсненні "супрацьпраўных дзеянняў", і пры гэтым амаль плача. 

"Калі ў такіх умовах знаходзішся, і не на такое пагодзішся", — тлумачыць свой учынак жыхар Маладзечна Аляксандр Новік у гутарцы з радыё "Свабода". Па яго словах, у момант запісу роліка ён сапраўды плача, бо ад моманту затрымання знаходзіўся ў вельмі ўзрушаным стане.

Аляксандра Новіка затрымалі 3 ліпеня ў Маладзечне — ён фатаграфаваў аўтазак з АМАПаўцамі. За непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі мужчыну далі штраф у 270 рублёў. Ён не пагаджаецца з інфармацыяй МУС, што пры затрыманні паводзіў сябе задзірліва: 

"Гэта няпраўда. Гэтага дакладна не было. Я сказаў, што я пайду сам. Я спужаўся. Вельмі спужаўся. Шмат жа і відэа ёсць у інтэрнэце, дзе міліцыя б’е людзей".

У пастарунку Аляксандр падпісаў пратакол, "каб нічога такога не было". Праз дзень яго запісалі на камеру: маўляў, відэа будзе страхоўкай, калі мужчыну яшчэ раз затрымаюць.

Аляксандр — эпілептык. Дыягназ не пацверджаны, але праз яго мужчыну не ўзялі ў армію.

Беларуская міліцыя не ўпершыню практыкуе падобныя публічныя пакаянні. У 2018 годзе падлетак прасіў прабачэння за тое, што даў поўху скульптуры мінскага гарадавога.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі