“Хуткая” даехала да пацыенткі са зламаным чэрапам не за 40, а за 17 хвілін”

“Хуткая” даехала да пацыенткі са зламаным чэрапам не за 40, а за 17 хвілін”

Гучнае здарэнне адбылося ў Мінску напярэдадні параду. 19-гадовая студэнтка выйшла з сяброўкамі з караоке-клуба і ўпала з вышыні 6 метраў ў падвал. Інцыдэнт здарыўся падчас няўдалага сэлфі.

Супрацоўнікі клуба ацэначна выказаліся, што “хуткая” ехала на месца здарэння каля 40 хвілін, бо побач праводзілася рэпетыцыя параду. Аператыўна правяраць гэтую інфармацыю для Еўрарадыё ў Гарадской станцыі хуткай меддапамогі не сталі, таму што на службовай нарадзе знаходзіўся галоўны ўрач Аляксандр Жынко. Менавіта ён звычайна дае аператыўныя каментарыі СМІ.

“Насамрэч, мы прыбылі на месца здарэння праз 17 хвілін пасля паступлення выкліку. Пры гэтым на месца здарэння выехала рэанімацыйная брыгада. Ад моманту паступлення выкліку да моманту дастаўкі пацыенткі ў стацыянар прайшло 50 хвілін. Гэта дакументальна пацверджаная інфармацыя і я за яе адказваю”, — удакладняе інфармацыю Аляксандр Жынко.

Галоўны ўрач тлумачыць, што выклік быў запісаны у катэгорыю “экстраны”. Паводле рэгламенту, яго павінны былі перадаць рэанімацыйнай брыгадзе не пазней за 4 хвіліны з моманту рэгістрацыі. Усяго на даезд “хуткая” мела не больш за 19 хвілін ад моманту паступлення выкліку. Але медыкі справіліся хутчэй. Рэпетыцыя параду ім не перашкодзіла.

“Мы ведалі, што ідзе падрыхтоўка да параду. І ў выпадку нейкіх складанасцяў маглі перанакіраваць на месца здарэння іншую брыгаду. Але ў дадзеным выпадку ніякіх цяжкасцяў не ўзнікла, нашу машыну суправаджаў экіпаж ДАІ”, — кажа Жынко.

Пацярпелую студэнтку даставалі з падвалу пры падтрымцы МНС. Дзяўчыну, якая атрымала пералом чэрапа, выратавалі. Яе жыццю сёння нішто не пагражае. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі