Хэнлан пакінуў Беларусь, пасада трэнера хакейнай зборнай пакуль пустая

Глен Хэнлан, які прылятаў у Беларусь у канцы траўня, так і не заняў пасаду галоўнага трэнера нашай хакейнай зборнай і зляцеў дадому ў Канаду.

Нагадаем, што Беларуская федэрацыя хакея не працягнула кантракт з Андрэем Скабелкам, які кіраваў зборнай падчас чэмпіяната свету-2013 і правёў амаладжэнне складу. Спецыяліст ўжо прыладзіўся трэнерам-асістэнтам у ніжагародскае “Тарпеда”.

Хэнлан жа перад прылётам у Беларусь пакінуў пасаду трэнера-асістэнта клуба “Ванкувер-Джайнтс”, прыбыў напярэдадні трэнерскага савета Федэрацыі. Здавалася, што пытанне па галоўным трэнеры зборнай вырашана, але…

Вядома, што канадзец абмяркоўваў умовы свайго кантракту з памочнікам прэзідэнта па спорце Максімам Рыжанковым, міністрам спорту Аляксандрам Шамко і кіраўніком Беларускай федэрацыі хакея Яўгенам Ворсіным. Але падпісання не здарылася. Хоць канчаткова ад паслугаў Хэнлана не адмовіліся. Магчыма, бакі далі адзін аднаму час на роздумы.

“Імя галоўнага трэнера зборнай Беларусі можа стаць вядомым у 20-х днях чэрвеня, калі адбудзецца справаздачна-выбарная канферэнцыя, — паведамляе Арсеній Якавенка, менеджар аддзела па сувязях з грамадскасцю і прэсай Федэрацыі хакея. — Пакуль нічога дакладнага паведаміць не можам”.

Памочнік прэзідэнта па пытаннях спорту Максім Рыжанкоў выказваўся, што ў Беларусі ёсць мясцовыя спецыялісты, якія маглі б ачоліць нацыянальную зборную. Імёны кандыдатаў не разгалошваліся. Але не складана меркаваць, хто ў полі зроку. Гэта найлепшы трэнер мінулага сезона Васіль Спірыдонаў (рулявы жлобінскага “Металурга”) і Дзмітрый Краўчанка, коўч чэмпіёнаў Беларусі — гродзенскага “Нёмана”. 

Фота championat.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі