Вы тут

“Хаваюцца недзе ў лесе”. Страусаў пад Асіповічамі будуць шукаць з дрона

euroradio.fm

Страусы, якія збеглі з вальера пад Асіповічамі, да гэтага часу не знойдзеныя — іх будуць шукаць пры дапамозе дрона. Дзве экзатычныя птушкі збеглі падчас пажару, які адбыўся раніцай 27 сакавіка ў вальеры ў вёсцы Майсеевічы. Там цалкам згарэў птушнік, які належыць прадпрыемству "Ахова прыроды". Яго супрацоўнікі лечаць параненых птушак, якіх туды звозяць з усёй Беларусі.

У пажары загінулі белы бусел і палявы лунь — драпежная птушка сямейства ястрабіных. Іншых птушак з вальера — 9 белых буслоў і 4 эму — удалося выратаваць. Два з чатырох эму ў мітусні збеглі з тэрыторыі "Птушынага двара" і ўжо больш за двое сутак застаюцца на волі.

Як паведаміла Еўрарадыё дырэктар ЧПУ "Ахова прыроды" Жанна Сашчанка, зараз шукаць птушак будуць пры дапамозе дрона. Адзін з аператараў беспілотнага апарата, які абсталяваны цеплавізарам, вырашыў дапамагчы абаронцам жывёлаў.

“Нам ужо тэлефанавалі людзі казалі, што бачылі непадалёк. Яны цяпер бегаюць паасобку. Мы выехалі адразу, але ні аднаго, ні другога эму не знайшлі. Яны хаваюцца недзе ў лесе”, — кажа Жанна Сашчанка.

На мапе адзначанае месца, дзе знаходзіцца вальер прадпрыемства "Ахова прыроды", адкуль збеглі эму.

Па словах жанчыны, эму ў няволі могуць есці толькі траву, але доўга на такім харчаванні яны не працягнуць — максімум тыдзень.

Жанна Сашчанка просіць дапамагчы ў пошуках эму. Спецыялістка папярэджвае: калі ўбачыце страусаў — абыходзьце бокам і ні ў якім разе не пужайце! Бо гэта вельмі моцныя птушкі, і яны могуць пачаць абараняцца. Калі вы ўбачыце птушак, Жанна Сашчанка просіць адразу патэлефанаваць па наступных нумарах +375296621618, +375296684731 або ў МНС.