Вы тут

Хакеісты мінскага "Дынама" перарвалі серыю з 11 паражэнняў у КХЛ

"Дынама" атрымала доўгачаканую перамогу / twitter.com/hcdinamoby

Хакеісты мінскага "Дынама" перарвалі серыю з 11 паражэнняў у чэмпіянаце КХЛ. У аўторак яны ўзялі рэванш у "Тарпеда" з Ніжняга Ноўгарада за разгром з лікам 0:6, які адбыўся на "Мінск-Арэне" амаль месяц таму. На гэты раз дынамаўцы атрымалі цяжкую перамогу — 6:5 (2:0, 2:3, 1:2, 0:0, 1:0). Яе сведкамі сталі больш за 7800 балельшчыкаў.

Першы перыяд прайшоў у роўнай барацьбе, але яго "Дынама" выйграла з лікам 2:0. Шайбы закінулі канадзец Франсіс Парэ і фін Тэму Пулкінен, які нарэшце вярнуўся ў асноўны склад пасля траўмы. Аднак у другім перыядзе госці здолелі зраўняць лік — 3:3 (шайбу ў мінчукоў закінуў Раман Дастанка). На 39-й хвіліне Парэ зноў выводзіць беларускую каманду наперад. На жаль гэтая мінімальная перавага была страчана ўжо ў пачатку трэцяга перыяда. Але на 55-й хвіліне шайбу закінуў Арцём Дзямкоў. Здавалася, вось яна перамога, але "Тарпеда" робіць лік нічыйным — 5:5.

Далей быў проста фантастычны авертайм — хакеісты адчайна атакавалі, але закінутых шайбаў не было. І ўсё ж "Дынама" вырвала доўгачаканую перамогу ў серыі булітаў.

13 лістапада мінскае "Дынама" прымае "Віцязь", пачатак у 19:20.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.