Вы тут

Грошай хопіць усім — Галоўчанка пракаментаваў дэфіцытны бюджэт на 2022 год

Раман Галоўчанка / Еўрарадыё

У дэфіцытным бюджэце на 2022 год няма нічога катастрафічнага, заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка. Журналіст беларускага тэлебачання папрасіў яго растлумачыць, што гэта можа значыць для абывацеля.

"Гэта не значыць, што некаму не хопіць грошай. У нас ёсць рэшткі неразмеркаваны мінулых гадоў. І калі спатрэбіцца, то гэты дэфіцыт будзе закрывацца рэшткамі. Грошай хопіць усім", — паспрабаваў супакоіць беларускі прэм'ер-міністр.

Дэфіцыт, паводле яго слоў, паўстаў з-за непрадбачаных выдаткаў на падтрымку эканомікі і насельніцтва ва ўмовах COVID і санкцый. Ён не выключыў, што бюджэт гэтага года таксама можа быць выкананы з дэфіцытам.

"Толькі ў гэтым годзе ўжо на падтрымку эканомікі зрасходавана 2 мільярды 700 мільёнаў рублёў прамымі грашыма", — сказаў Галоўчанка.

Ён таксама распавёў, што ў бліжэйшыя дні беларускі ўрад апублікуе свой адказ на санкцыі ЕС. Паабяцаў, што меры будуць "абсалютна адэкватныя" і пакуль задзейнічаныя толькі часткова.

"Мы не ідзем на тое, каб задзейнічаць увесь арсенал, хоць адказы напрацаваныя. І наступныя меры будуць не асіметрычнымі, як мы гаварылі. А сіметрычнымі", — сказаў Галоўчанка.

Пяты пакет санкцый ЕС быў прыняты на мінулым тыдні. У новы санкцыйны спіс трапілі 17 фізічных і 11 юрыдычных асоб, у тым ліку такія прадпрыемствы як "Гродна Азот" і "Белшына".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.