Гродзенскі “Нёман” атрымае за Паўла Савіцкага 211 тысяч долараў

Гродзенскі “Нёман” атрымае за Паўла Савіцкага 211 тысяч долараў

Гродзенскі “Нёман” і брэсцкае “Дынама” ўрэгулявалі пытанне з кампенсацыяй за нападаючага Паўла Савіцкага. У канцы мінулага года, пасля завяршэння чэмпіянату Беларусі, ён на правах свабоднага агента перайшоў у брэсцкі клуб. Гродзенцы прапаноўвалі яму новы кантракт, але ўтрымаць таленавітага футбаліста не змаглі, і нічога не атрымалі. Тады запатрабавалі ў брэсцкага “Дынама” кампенсацыю — 600 тысяч долараў. Пры гэтым спасылаліся на рэгламент.

Як піша “Вечерний Гродно”, у выніку перамоў сума кампенсацыі была зніжана да 211 тысяч долараў. Па словах мэра Гродна, старшыні гродзенскай абласной федэрацыі футбола і кіраўніка назіральнага савета ФК “Нёман” Мечыслава Гоя, грошы выплаціць кампанія “Сохра-груп” з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў (гэта асноўны спонсар дынамаўцаў). Таксама паміж “Нёманам” і “Дынама” была падпісана дамова, пакодле якой гродзенцы атрымаюць 20% ад наступнага продажу гульца.

Паўлу Савіцкаму 24 гады. Усю сваю кар’еру ён выступаў за “Нёман” (з перапынкам у 2015 годзе, калі футбаліст на правах арэнды выступаў за польскую “Ягелонію”). Савіцкі — гулец нацыянальнай зборнай Беларусі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі